Цудадзейная казка

Евгения Петракевич
За акном цудадзейная казка -
Замірае імгненне наўкол.
Ад бялюткага ззяння і бляску
Светла, хораша стала вакол.

У палон раптам трапіла рэчка,
Не адпусціць пякучы мароз.
Зіхацяць, нібы тонкія свечкі,
Вершаліны стракатых бяроз.

Зацярушаны снегам палеткі,
Сняць пра лета чароўныя сны -
Прыгажосці няўлоўныя сведкі
Не прачнуцца ўжо да вясны.

Побач дрэвы ціхонька гамоняць,
Запрашаюць мяне адпачыць,
І кавалачак срэбра дазволяць
У гарачых далонях крышыць.

Пад нагамі маністы жамчужын,
Крышталёвы на елках убор.
Зазірні ў таямнічае, дружа,
Загадай паляцець на прастор!