Скрыпка Страдзiвары

Валерий Познякевич
Маўчала скрыпка больш за трыста год --
Забылася пра дбайнага музыку,
Што граў на ёй, свой весяліў народ,
І каніфоллю змазваў вусны смыку.

Схаваная ў футляры пад страхой
Ад зайздрасных вачэй і рэвалюцый,
Яна ўначы шапталася з сахой,
І з кнігай той, што напісаў Канфуцый.

Душа яе ўвабрала той настрой,
З якім ствараў паненку Страдзівары:
Выгладжваў струны, вывяраў іх строй,
Нібыта давераў ім лёсу мары.

Жыла ў той скрыпцы музыка душы:
Венецыя, смалісты пах яловы,
Дзе вецер думкі з нотамі кружыў,
Нібыта стружку з горада Крэмоны.

Адтуль Амаці распачаў свой шлях,
Ён навучыў майстэрству Страдзівары.
Прыдбаў у майстра скрыпку тую лях,
Даў грошай жменю і кажух дзіравы.

Хто граў на ёй -- не скажа сёння час.
Не скажа гонт паедзены, дзіравы,
Што скрыпку з лёсам майстра павянчаў
Антоніа маэстра Страдзівары.