Вытокi

Ядвига Довнар
Хто зблізку, можа, хто –  здалёку,
Жыцця нацёршы мазалі,
Часцей прыходзім да вытоку,
Да каранёў сваёй зямлі,
Дзе дрэва моцай радаводу
І духам тым трымае нас...
Дзе справы з думкай маюць згоду,
І не імкне так хутка час.
Не зарастае пустазеллем
Слоў штучных моўны агарод...
Спяваюць шчыра на вяселлях,
Віхурыць танцаў карагод...
Вось словы мамы лёгкім пёркам
Злятаюць зноў на вусны мне...
І дым радзімы надвячоркам
Духмяны ў роднай старане.
Загоіць тут паветра раны...
Бярозка голлем ахіне,
Як мама некалі, старанна,
Расінкі слёз маіх змахне...

Час патрабуе шпаркіх крокаў,
Дыктуе новы спіс умоў...
Усе сілкуемся з вытокаў,
І зноў спяшаемся дамоў.

15.02.2018  Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)