Устань, мая душа

Валерий Познякевич
Устань, мая душа, над жытнім полем,
Світанкавым праменнем засвяціся!
Зрабі той крок, што я зрабіць не здолеў,
За родны край сумленна памаліся.

Табе адной я споведзь давяраю --
Нясі святло надзей маіх у высі!
І з Боскай вышыні, аблокаў Раю
За ўсіх людзей Сусвету памаліся.

Няхай пачуюць здрайцы тыя словы,
Што ў небе з ласкай Божаю спляліся--
Душа людзей -- рэлігіі аснова,
Яе калісьці Бог з камення высек.

Зламаць яе не здольны забароны --
Яна, бы зерне, кінутае ў глебу
Імкнецца ўвысь тым духам нескароным,
З малітвай б'е паклон зямлі і небу.