Малочны шлях

Валерий Познякевич
Гляджу, як день вясну малюе,
Як вабяць кветкі рой пчаліны.
Паразмаўляй са мною, вулей,
На мове матчынай хвіліну.

Вясна прыўкрасіць сад і хату,
На вішняку павяжа хустку.
Паразмаўляй са мною, тата,
Вясновым днём па-беларуску.

Тут кожны кволенькі паростак
Чакае з моваю сустрэчы.
З ёй нават белая бяроста
Гарыць ярчэй у роднай печы.

Ішоў мой дзень сцяжынкай вузкай,
На неба зорнае дзівіўся --
Там мовы нашай, беларускай
Малочны Шлях праліўся ў высях.