***

Валерий Познякевич
Прываражы дзяцей сваіх, Айчына,
Карэннямі да глебы прывяжы
І прытулі, нібы матуля, шчыра,
Да родных ніў, да роднае мяжы.

Няхай растуць дубочкі ды бярозкі
На радасць тым, каго натхняе лес,
Хто чуе ў ім Радзімы адгалоскі,
На пні старым жыцця разгледзіць зрэз.

Не адпускай з гняздоўя тых, хто верыць
У песню дзён, што шэпча белы май.
Хто здольны лёс зямлі па дрэвах мерыць
І песняй салаўя праславіць край.

Дай птушаняткам сілы маладосці,
Рашучасці, здзяйснення ўсіх надзей,
Каб веру ў лесе тым не страціў хтосьці,
А нёс яе праменне ў новы дзень.