Год Вожыка

Клавдия Семеновна
По славянскому календарю 2018 - Год Свернувшегося ежа.

Недзе ў лесе пад елкаю вожык скруціўся ў клубок.
Можа, спіць - як інакш дачакацца вясны небараку?
Ці... калючкамі вострымі ад небяспекі свой бок
Сцеражэ - паляўнічага чуе паблізу сабаку?
Што ж, славяне-браты, забываем свае карані?
Я - за дружбу народаў Зямлі (дзякуй Богу, не цеснай!),
Я не супраць у шчыра-святочна-вясёлыя дні
Госця-сябра сустрэць аж з далёкай ад нас Паднябеснай.
Толькі вось пакланяцца - прабачце! У роднай зямлі
Ёсць традыцый нямала сваіх, старадаўне-славянскіх.
Тут у згодзе з прыродаю прашчуры нашы жылі
І пакінулі памяць з часоў дахрыстова паганскіх.
Тая памяць і сёння ў душы маёй грэшнай жыве,
У напеўнасці мовы, блакіце вясновага неба,
У сасновай духмянасці ветру, у спелай траве...
Расчыню перад госцем гасцінныя дзверы - так трэба!
Ды й яна ж вымушае... не страціць багаццяў сваіх,
Перадаць іх нашчадкам: і праўду, і веру, і слова...

Недзе скрыўджаны Вожык у лесе, забыты, прыціх.
Ды калючкі расправіў, скруціўся ў клубок! Выпадкова?