***

Валерий Познякевич
Не скажу Вам, што моцна стаміўся,
Вы ж пачнеце парады даваць.
А яны, бы на вопратцы бісер,
Ці ў балоце няходжаным гаць.

Не прызнаюся ў тым, што самота
Разрывае пачуцці мае.
Што на грыфе мажорная нота
Адзінока ў кватэры пяе.

Я не хворы, я ў творчым натхненні:
Пагрузіўся ў яго з галавой.
Там усходы, вясёлкі, зацьменні,
І намецены снегам сувой.

Не хвалюйцеся, што не здымаю
Тэлефон у кватэры ўвесь дзень.
Прыхінуўся я думкай да маю,
Да лілеі на белай вадзе.

Калі верш дапішу -- буду рады,
Тым, хто слухаць паэта хацеў,
Хто даваў яго думкам парады,
Калі ён над паперай пацеў.