Сiла вясны

Валерий Познякевич
Жоўты колер маёй самоты
ўзімку думае аб вясне.
Узлятаюць, бы птахі, ноты --
разрыхляюць зляжалы снег.

Ткуцца думкі з праменняў светлых --
пад страхою пяе капель...
Арабіна шапоча з ветрам,
скінуў шапку сасновы пень.

Адступае зіма паціху,
паўнамоцтвы здае вясне.
Ліжа дзетак сваіх ласіха,
плюшчыць вочы, нібыта ў сне.

Промні сонца яе сагрэлі
на палянцы сярод асін.
Вецер гушкае дзён арэлі,
набірае жыццёвых сіл.