Заспявай жа, восень

Клавдия Семеновна
Не паспелі змыць дажджы-зануды
Спелы водар хлебны з цёплых ніў,
Ладзіць восень гуслі-самагуды.
Верасень ёй дзверы адчыніў
Ды гукнуў: Прыходзь на імяніны!
Маю чым гасцей пачаставаць:
Яблыкі, грузды і журавіны.
Загадзя спяшаўся разаслаць
Верасны абрусік -самабранку
На сухім пагорку між дарог.
Выкупаўся ў росным чыстым ранку
І разлёгся к сонцу ў мяккі мох.

Ладзь жа, восень, гуслі-самагуды,
Прыбірайся ў пацеркі рабін
Ды святкуй, спявай нам казкі-цуды!
Чуеш, недзе ўжо гусіны клін
Расставанне хуткае галосіць...
Ды пакуль даспеліць лісце гай,
Не слязы, а песні сэрца просіць.
Заспявай жа, восень, заспявай!