Развiтанне з летам

Валерий Познякевич
Задажджыла лета, задажджыла,
Кажа -- развітацца нам пара.
Не струменіць сок у дрэвах-жылах,
Паз'язджала ў горад дзетвара.

Апусцела вёска, апусцела...
Адзвінелі ўнукаў галасы.
Пад страхою свежы водар сена
Будзе песціць думкі да вясны.

Не ўтрымала хата, не ўтрымала
Тых, каго паіла малаком,
Частавала бульбаю і салам,
Адбівала працаю паклон.

Плача дождж і плачуць вокнаў вочы --
Сум працяў апошні летні дзень,
Што пайшоў па шляху, па сірочым
І ў бок вёскі той не паглядзеў.