Роднаму гораду

Лариса Гапеева
Ты цудоўны і казачны, родны наш горад,
І такі старадаўні, такі малады.
Наша памяць жывая і лёс наш, і гонар,
Вера наша і мудрасць, што з намі заўжды.

Нарадзіўся з легенды, народных паданняў
І авеяны воінскай славай даўно.
Столькі трэба было табе сіл, намаганняў,
Каб стаць краем багатым, наш горад Сянно.

Мы памножым і славу тваю, і багацце,
Шмат яшчэ праляціць незабыўных гадоў.
Будзе радасць у нас, дабрабыт у кожнай хаце,
Мы табе аддадзім нашу вернасць, любоў.

Мы жыццём з табой звязаны, лёсам адзіным,
І адна ў нас дарога, і шчасце адно.
Ты здзіўляеш усіх сёння воблікам дзіўным
І сваёй прыгажосцю, наш горад Сянно.