Крумкачовая дэмакратыя

Анатоль Кудласевич
Крумкачовая дэмакратыя.

Пракрычаў Крумкач стары:
“У прыкупленым бары
Хутка будуць выбары!”.
Здрукавалі бюлеценяў
Аж на тры такіх бары,
І з абвесткай паляцелі:
— Пачынаем выбары!
Шумеў галдзеў варонін грай —
Гэта зграя выбірае важака:
Такі падняўся гармідар —
ляцеў і прах, і пух,
Што лес на семдзесят гектар
суцэльна ўвесь аглух.
А рэй вядзе Крумкач стары:
— Трэба ўсім падрыхтавацца,
Бо ў аплачаным бары ёсць дзесяткі два ці тры
Непадкупнай дзетвары.
З імі будзем мы змагацца.
Варона зіркнула з сука
Грамадскае патрэбы,
Праверашчала: “Да станка
Усіх паставіць трэба!”
Таго не ведала Варона:
Свабодзе — труд не забарона!
Лацвей пісаць і з-пад сахі,
Калі народ вакол глухі.
Па закону ўсё зрабілі,
Галасы ўраз падлічылі:
Дзвесце семдзесят працэнтаў
Адпісалі Крумкачу.
Хто абраны прэзідэнтам?
Я аб гэтым прамаўчу.