***

Бясконцасьць
Бачу парцалянавую зьнічку
у чорным бясконцым небе,
падобным да горкай кавы,
да сіняй халоднай сталі.

Зьнічка белая,
нібыта крохкае лебядзінае пер'е,
маленькая,
бездапаможная,
быццам тая дзяўчынка,
што ніколі не была маёй.

Заплюшчваем вочы.
Што бачыш?
Нябёсы
цудоўныя, як першае каханьне,
мяккія, як пацалункі ў шыю.
Ранішніх птушак.
Акіяны.
Што чуеш?
Твой голас.
Мой улюблёны голас.

Застанься з заплюшчанымі вачыма.
У сьвеце, які ты стварыў.
Дзе цуды падобныя да шыпшыны.

Кажу зьнічцы:
Хачу вывучыць родную мову,
каб перакладаць
сэрца.
Каб бачыць гэты сьвет
па-беларуску.

Зьнічка выбухае
І назаўжды застаецца ў маіх вачах.
Зляджу на яе яшчэ імгненьне
даўжынёй у жыцьцё.

Абяцаю.