***

Бясконцасьць
Гляджу праз шэрае шкло
на дзяўчынку
з блакітным сланом у руцэ.
Мроі ў яе вачах,
што зіхацяць маленькімі зоркамі,
катуюць мае думкі.

Дзяўчо
марыць пра нешта дзіўнае,
сонечнае,
лебядзінае.
Пра нешта,
што спачатку здаецца
мяккай коўдрай у клетку
з сэрцам унутры,
а падыходзіш бліжэй -
то ня коўдра,
а бутэлька зь віном.

Яна марыць пра аўтамабілі,
якія лётаюць у паветры,
нібы камяні,
якія чамусь таксама лётаюць.

Уяўляе сябе анёлам
з гузікамі ў вачах.
З гузікамі,
што заўсёды сьпяваюць.

І пры чым тут анёл
са сваімі гузікамі?

Ніхто ня ведае.
Дзяўчынка толькі моўчкі
абдымае слана
і шэпча яму ў самае вуха:

Памятай,
штоб яны там не казалі,
цуды існуюць.