Дачушка

Василий Азоронок
(на белорусском языке)


…Я па слядах сваёй бабулі
Да Курганісцікаў іду,
Дзе ў дрэве след смяротнай кулі,
І крыж, схілёны у ваду.

Там перасохшай рэчкі вусце,
Чаротам пожні параслі,
І ходзіць з краю вечны бусел,
Махае крыламі: “Спасі!”

Ікона там яе, бабулі, -
Перапляценне каранёў,
І беражок – яе прытулак,
Каб гасцяваць сярод анёл.

Вады з Бярэшчы не напіцца,
Бо пачарнелая яна,
Ад слёз, што выцяклі з зямліцы,
Ад тых пакут, што дзед прыняў.

Не захвалюе дрэвы рэчка,
Зраўняны схілы берагоў,
Масты ўзвалілі ёй на плечы,
І фуры – шэраг ланцугоў.

І толькі ў сэрцы твой, рачушка,
Турботны покліч: “Беражы
Пачатак, дзе крыніца з пушчы…”,
І водар кветак - змест душы.

…Я зноў прайдуся каля Ўсошак -
Дзе пачыналі зямлякі,
І зачарпну Радзімы трошкі –
Жывой травы ў далонь рукі.

І ты ўсё роўна мне дачушка,
Хоць высах твар у барацьбе,
Стагоддзі ў долі ціхай служкі,
А гаспадарыць новы дзень!

Па-за табой красуе горад,
Імкнецца ў даль, іскрыць трамвай,
І набірае крэпасць солад
З практычнай прагнасцю: “Давай!”

Я мару зноў пачуць частушкі,
Што у сэрцы промні адаб’юць.
Не тым запалам – громам пушак,
А тым, што з горніц паўстаюць.

Дзе завіхаецца бабуля,
Бярэ з загнета качаргу,
Імгненне, і - васкрэсным гулам
Зачаткі полымя бягуць...


Зямля абновіць свае чары,
І, як раней, у час сяўбы,
Паўстане дуб над Эсай – барын,
А мы схінём яму гарбы.

На снимке: Эсса и устье бывшей Берещи.


02.02/17