Не трэба

Вероника Крупица
"Сустрэнемся з табою" - усё падман,
Я словам моцным верыла дарэмна.
Працягу не чакалі ўзаемна,
Нас шкадаванне біла як дурман.
 
І чутна толькі: "Не хапае сіл".
Калі ж па праўдзе - не стае жадання,
Бо лёгка часам расчыняць прызнанні,
Складана адказаць, нашто прасіў.
 
Не трэба гэтых сувязяў - пакінь
Мінулае ў полымі сучасным.
Рассеецца той дым, і стане ясна,
Што праўда, а што нішчыць маны плынь.
 
Сустрэнемся? Навошта гэты смак
Падманаў на нявінных спадзяваннях...
Не трэба абяцанняў пра спатканні,
Не трэба абыякавых "хай так".