Перад навальнiцай

Клавдия Семеновна
Апоўдні пракаціўся між бяроз,
Нібы са спёкі вынырнуўшы, вецер.
Памітусіўся і зашыўся ў вецце.
Цяжкая хмара — шэры дажджавоз -
Грудзямі пышнымі накрыла дахі,
Прымяла і заціснула пад пахі
Балоцінку з асмяглай кучкай лоз.

Няўрымслівы адзін праменьчык-зух
Па сінім лапіку на небакраі
Скакаў, не паддаваўся цёмнай зграі,
Ды неўзабаве здаўся і патух.
Сцямнела напалоханае неба,
І з цёплым пахам скошанага хлеба
Змяшаўся навальнічны грозны дух.

Завісла ціш над стомленым сялом.
Сівая хмарышча паўзе, таўстуха,
Варушыцца, сапе, уздыхае глуха
І месіць раскалмачаным крылом
Паветра, нерухомае, густое,
Прыдушанае п'янай духатою,
Цягуча-пераспелым, злым цяплом.

Падаў нясмелы голас гром-дзіця.
І ўжо спрасонку ў ладкі плешчуць бэзы
Прэлюдыі нябеснае імпрэзы,
Урачыстай велічы стыхій зліцця -
Распора  паднябессе бліскавіца,
Каб даць зямлі змарнелай наталіцца
Азонавымі кроплямі жыцця.

Лета 2016