Палова года

Ядвига Довнар
Ноч крадзе хвіліны лоўка,
Восень клічучы здалёк,
Месяц сырнаю галоўкай
На паліцу хмаркі лёг.
Ды падглядвае, чароўны,
Як падзеліць ліпень год?!
Ці на дзве паловы роўна
Дзён закружыць карагод?!
Ліпы ўжо падрыхтавалі
Той карункавы бурштын
Кветак, што для пчолак сталі
Раем смачна-залатым.
Свой прыход Пятрок адзначыць
Першым скінутым лістком,
Ён на ветры кружыць-таньчыць
Шчэ зялёным юнаком.
Але гэтае трымценне
Сэрца сумам закране,
Нотай восеньскіх адценняў
На туманным палатне.
Так назначыла прырода:
Што тут скажаш і каму?!
У другой палове года
Накірунак на зіму.

28.06.2016
02.10      Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)