С книги Тройчы Адзины, сем аголеных думак

Анатоль Кудласевич
СЕМ АГОЛЕНЫХ   ДУМАК
                (эсэ-роздум)

          Праўда Ісціны
         Ісціна — гэта рухомасць дзеяння і спасціжэння, а Праўда — трываласць, эталон і Закон. Ісціна плывучая, як вада, няўлоўная, як сонечны зайчык — яна кожнае імгненне новая, у яе, быццам у гераклітаўскую раку не зойдзеш двойчы. А Праўда – адна і тая ж на вякі. Праўда – сонца ў нябёсах, якое спараджае сонечных зайчыкаў — іх асабліва шмат, калі прамень адбіваецца на хвалістым люстэрку возера.
         Мае рацыю Даль, калі сцвярджае, што “ісціна ўсё, што ёсць”: “ёсціна”. Ісціна ад зямлі, а Праўда з нябёсаў”. Сэнс рэчаіснасці скажаецца, калі гавораць: у кожнага свая праўда; патрэбна б наадварот: кожны нясе сваю ісціну.
       Аб ісціну нельга абаперціся ў сваіх пошуках, таму Хрыстос і прамаўчаў на пытанне Пілата: “Што ёсць ісціна?” –  ісціна жывая, толькі на праўдзе можна стаяць упэўнена, бо яна вечная. Праўда спарадзіла слова “правіць” – у сэнсе кіраваць і ў сэнсе папраўляць, таму што праўда – залаты эталон, ідэал, да якога трэба імкнуцца. Зноў жа, ёсць шмат светлых слоў, мацеркай якіх з’яўляецца Праўда: “праведнасць”, “справядлівасць”, “Правь”, як іншы свет і усеахопны духоўны закон старажытных славян, нават слова “праца” – усе яны, верагодна, вытворныя ад Праўды. Таму вельмі слушным з’яўляецца выказванне, што “за праўду трэба стаяць, або вісець на крыжы, а да ісціны чалавек рухаецца”.

                Тоеснасць
       Законы Прыроды = Законы Божыя = Запаведзі Гасподнія — гэта роўназначнае трыадзінае цэлае, а па-іншаму – умовы развіцця, духоўнага росту. Або маральнай дэградацыі і знішчэння чалавека. Сутнасць у гэтым: выкарыстоўвае чалавек дадзеныя ўмовы свядома на сваю ж карысць, ці, аслеплены душэўнай нікчэмнасцю, не зважае на іх і знаходзіць сваю пагібель. Чалавек узрастае толькі свядома, а вось гіне, нават не ведаючы пра гэта. Пры апошнім Законы замест таго, каб узняць чалавек ў неба, становяцца для яго зброяй пакарання, мячом Немізіды.

        Тры  Праўды   сэрца
      “Трэба мяняць мышленне!” – такую фразу часта прыходзіцца чуць ад людзей, якія лічаць сябе духоўна прасунутымі. Мяняць мышленне?... Яно і само мяняецца некалькі разоў за жыццё.
       Успомні, быў ты дзіцём — і нараджаліся спачатку пачуцці, бегла сэрца папераду, а потым прыходзіла думка, якая ледзь паспявала за няўрымслівым сэрцам, даганяла парыванне душы і намагалася вытлумачыць тое, што адчувае. Чалавек спачатку вучыцца адчуваць, а потым мысліць. Ці не аб гэтым жа сведчыць першы плач народжанага дзіцяці? Ці не гэтак было ў тваім дзяцінстве?
        Успомні і іншае... Сэрца і дука былі ў гармоніі, здавалася, што думкі прыраслі да пачуццяў, неспасціжным было: што прыходзіць спачатку  — думка ці пачуццё? Думка спараджае пачуцці ці пачуцці абуджаюць адпаведныя думкі? Усё пераблыталася, усё ёсць разам. Адначасова і сукупна. Іншымі словамі – прыйшла пара першага кахання.
        І яшчэ было... мысль, быццам выбліск маланкі, імгненна выхоплівала святлом межы рэчаіснасці, а потым з часам, як раскаты грому, павольна апаноўвалі і забіралі цябе ў палон пачуцці сэрцабіцця і здзіўлення перад вялікай тайнай. Прыйшла пара сталасці.
         Вось яны тры праўды твайго сэрца: учора ты жыў адной праўдай, сёння жывеш другой, а заўтра прыйдзе іншая. Мышленне мяняецца ўвесь час. Нельга выскокваць са свайго гнязда, пакуль не навучыўся лётаць. Гвалтоўна раскрытая ружа — памірае. Нічога не трэба мяняць, тым больш – мышленне: усё прыходзіць само і ў свой час, усё прыходзіць своечасова, калі ты навучыўся чакаць.

   Відушчы сляпы
       Калі вершаскладанне не ператвараецца для паэта ў інструмент пазнання рэчаіснасці і самапазнання, у прыладу, з дапамогай якой ён пазнае глыбіні быцця, тады творчасць становіцца ўсяго толькі касметыкай для прыхарошвання асобы самога творцы.
        Касметыка, як вядома, заўсёды патрабуе індывідуальнага карыстання, а інструментам ці прыладай працы карыстаюцца ўсе, да каго яны трапляюць у рукі.
        Сур’ёзнасць вышэй акрэсленай аналогіі добра адчуваецца на вершах сляпога паэта. Яго праўда палохае. Крыху становіцца вусцішна, але не таму, што сляпы паэт адкрывае нейкую страшную ісціну. Не, ісціна заўжды радасная і светлая. Ісціна сляпога  паэта адкрывае вочы відушчым, таму і пужае яна, што мы з нармальным зрокам не ўбачылі, а ён (быццам бы сляпы!) — а бачыць. Вось таму і ахоплівае жудасць, што ён з меншымі патэнцыяльнымі магчымасцямі змог прайсці цярністы шлях да святла і, як у люстэрка, паглядзецца ў вечнае, а мы з большымі магчымасцямі так і не ўбачылі нічога. Ён нам расплюшчвае вочы. Сляпы — відушчым.

                Свядомасць кліча дамоў
       Магчыма, блізкія мовы, асабліва роднасныя, працуюць у розных пластах перацякаючага быцця шматузроўневай іерархіі: родная мова ў сэрцы, а роднасная – у галаве.
       Рускае слова “сознание” нясе не зусім той жа самы сэнс, што і беларуская “свядомасць”. Асабліва для нас беларусаў свяДОМасць – больш ёмкае і магутнае па гучанню слова: у ім ёсць дом.
Да таго ж — знанне — гэта яшчэ не Веданне.
         Беларуская свядомасць кліча беларускую душу, якая заблудзілася на чужых шляхах, на свой узровень іерархіі, у свой родны дом, як Маці звяртаецца Мова да аблудных сыноў, яна жывая — пра гэта сведчаць яе словы (“зварот” – зваць праз рот!): “НаРод, вярніся ў свой Род!”
*      *     *
       Словам нельга забіць. Яно – парахавы зарад без кулі: толькі страсае паветра. Забіваюць думкі аб слове. Думка – гэта куля. Думкі спараджае сам чалавек. Кожны чалавек сябе забівае сам.


                Чорны і белы
      Ёсць толькі два колеры: Чорны і Белы. Белы ўтрымлівае ў сабе ўсю палітру, усе сем колераў вясёлкі, усе ультра і інфраколеры, чорны ж толькі сведчыць аб адсутнасці святла.
          Але ёсць і трэці колер – Шэры, які атрымліваецца ад разбаўлення белага чорным, але гэта не самастоўны колер, бо існуе толькі два: Чорны і Белы.
*     *     *
          Не можаш быць салодкім і салёным адначасова, не можаш быць халодным, як лёд, і ў той жа час гарачым, як агонь. Не можаш быць добрым і злым адначасова – ты або добры, або злы ў акрэслены адрэзак часу.  Але людзі гавораць: кісла-салодкі, гавораць: ні жывы ні мёртвы... Але ці мала што гавораць людзі? Жывы чалавек або добры, або злы,  — толькі мёртвы можа быць і добрым і злым, гэта значыць ніякім. Абыякавым да ўсяго – трупам.

                Зямля – гармонія
        Усё адзіна і непадзельна! Сусвет маналітны, узаемазвязаны і ўзаемазалежны. Гэта можна прасачыць нават на самых звычайных словах, праз якія, быццам праз акенцы, высвечвае разуменне сутнасных з’яў быцця.
       Калісьці чалавек, валодаючы яшчэ духоўным бачаннем, называў рэчы і ўсяму даваў  імя. Кожная назва носіць у сабе адбітак духоўнага асэнсавання. Узяць хоць бы назву нашай планеты — Зямля.
       У старажытнай азбуцы, якой карысталіся нашы продкі, першай літары гэтага слова “З” адпавядаў лікавы эквівалент 7, і сама літара мела сёмы парадкавы нумар і называлася: “Земля”. Графічна можна запісаць гэтае слова і так: 7-ля. Лік сем сведчанне Божай паўнаты і гармоніі, таму і сустракаецца сямёрка ў этымалогіі многіх слоў: СЕМя, СЕМ’я, СЕМярык і т.д. Думаецца, што не выпадкова наш беларускі Адам, даючы назвы вузлавым паняццям – зямля, сям’я, семя – як бы артыкулявана ўклаў у гэтыя словы і лік 7. Увогуле, няма нічога выпадковага, усё мае сваю заканамернасць у адпаведнай іерархіі.
        Успомнім: сем дзірак у галаве чалавека, прызначаных для асноўных пачуццёвых органаў, сямірычныя гадавыя цыклы, сем дзён у тыдні, урэшце – сем шыйных пазванкоў, першы з якіх, што ўтрымлівае галаву, называецца Атлант, падобна таму Атланту, што трымае на сваіх плячах два зямныя паўшар’і; сем колераў вясёлкі і сем асноўных нот у сямі нотных актавах, сем цудаў свету... Такі пералік можна працягваць доўга, сямёрка пранізвае ўсе пласты, духоўны і матэрыяльны ажно да сёмых нябёсаў, ці не гавораць падобныя супадзенні, што наш далёкі продак і сёння крычыць да нас сэнсам слоў: “Людзі, Зямля — не цэнтр светабудовы, а ўсяго толькі аднюсенькая нота “ля” ў адной з сямі актаў Сусвету, і за цяперашняй планетай у гэтай актаве будзе наступная нота “сі” – іншая планета, а праз актаву развіцця зямля зноў паўторыцца, але тая зямля будзе ўжо іншаю...
         “Се творю всё новое”.