З книги Агонь прарочы, сувязь часоу

Анатоль Кудласевич
    СУВЯЗЬ ЧАСОЎ

       *         *        *
На мяжы стагоддзяў, як на строме часу,
Паглядзець у вочы вечнасці сівой,
Зноў пара прыходзіць, дык збярэмся разам,
Пагаворым шчыра з роднай даўніной.

Сядзем шчыльна колам, нібыта на Вечы:
Прашчур і сучаснік,
і нашчадак юны будучых вякоў,
Раскладзём агнішча з думак пракавечных –
Загарацца сэрцы Праўдаю адвечнай –
Полымем саўецца
      Дух наш чалавечы сувяззю часоў.
(08.12.1998г.)
*        *        *
Што ж так да зорак прыцягвае нас?
Можа, і праўда: мы — дзеці нябёсаў?
Прагна і пругка чакаем Свой Час,
Каб пазбіваць басанож серабрыстага Космаса росы?

Часта на шчасце я знічкі лічыў
І асаблівасць такую заўважыў:
Толькі прывабіць душу далячынь
Зорных шляхоў, як адразу ж
(Колькі б да гэтага зор не хапаў) —
Грунт пад нагамі пасля цалаваў!
Колькі ж разоў я ляцеў стрымгалоў:
Бухаў з размаху аб цвёрдую глебу –
Іскры з вачэй… Божа мой!
Колькі ж разоў нам патрэбна упасці,
Каб вынянчыць Неба, і — не прапасці,
І зорнай дарогай аднойчы вярнуцца дамоў.
(26.05.1999г.)
       Выбліск
Справядлівасць вострая, як восць!
Што мне вашы каламутныя хімеры,
Златахрамаў замусоленыя веры,
Калі ў сэрцы праўда Роду ёсць?

Калі ў сэрцы Праўда Роду ёсць,
У такім гарачым,
што мужнее год ад году:
Справядлівасць — гойстрая, як восць,
Што маланкаю абрушыць
і наскрозь праб’е любыя перашкоды!
          (25.02.1999г.)

         Ілжэпрарокам
Прад суроваю Тайнай Жыцця
Замаўчыце, свяшчэнныя кнігі!
На імклівых прарывах быцця
Вы — не больш кайданоў і вярыгаў.
О! Прарокі крутых перамен!
Ці не ў наймітах вы у кашчавае смерці?
Пакідайце ж надзею ўзамен,
Так, як парастак зерне, перад тым як памерці.
Зерне спелае зноў расцвітае
Новым коласам. Новыя песні
Юным голасам жыцці спяваюць,
Ды “прарокі” — жывому папрокі,
Не ведаюць сонца, любові не знаюць,
А чакаюць, што самі ўваскрэснуць.
(05.1999г.)

     Праблема выбару
Такія супярэчнасці
Жаданняў і магчымасцей:
Усё жыццё аспрэчваем,
Куды ж ісці? Куды ж ісці?!

Калі не вельмі можацца,
Дык надта моцна хочацца.
Чаго зусім не хочацца,
Дык тое проста множыцца.
(1994г.)

      *     * *
Не насыціцца вока зрокам.
Не спатоліцца слыхам вуха.
Не развеюць сумненняў прарокі
У няўлоўнасці вечных рухаў.

Будзе гэтак жа свет круціцца:
І, хоць іншыя прыйдуць людзі —
А ўсё самі сабе ж будуць сніцца,
Толькі нас тады ўжо не будзе.
(28.06.1999г.)

       Вяртанне
Пяць доўгіх год, «Плакун-трава»,
Ты на плаву мяне трымала.
Пяць доўгіх год ішла вайна…
За што? За “Велеса начало”,
Ці за выток майго Вялеса,
Што дзесць зуброў ганяе ў лесе
Ля сцен журботнай Белавежы,
Дзе дрэмле продкавы Лясун,
Дзе вы — панастаўлялі межы,
Адгарадзілі неба ад зямлі,
Дзе спіць славянская Ясунь!

Пяць доўгіх год у снах прарочых
Я іншы бачыў Лад і Свет —
І вось цяпер адкрыліся мне вочы,
Я наступіў на вечны след
І ўяве ісціну нясу:
     На суд! Ясунь!
На Суд!!

Вайна вайной! Але паэтаў
Цяжараць рабства ланцугі,
Калі не я прамоўлю гэта,
То скажа вам паэт другі:
Стань, чалавеча, ў поўны рост!
Арыец ты, і ўнук Дажбога!
Стань славянін, ці Белы Росс —
Адзін!
                Не спадзявайся ні на кога!
Бо гэтак распладзілі погань,
Жывога месца не знайсці:
Як нашым дзецям пасля нас расці?
Як Сонцу ў вочы паглядзець,
Калі прыступіць Маці-Смерць?
Як легчы ў родную калыску
Зямлі гаротнае, калі
Ліхія набрыдзі нас зблізку,
Здалёк — навекі праклялі?!
Стань, Чалавек, у поўны рост!
Ўдыхні свабоду вольна ў грудзі!
Хай ты адзін, але наўкрост
Абудзяцца жывыя людзі.
Ёсць над табой Нябесны Род,
Што неба красіць купаросам —
І за табой падымецца Народ:
На бой!
Няхай галодны ён і босы —
Ён — за Табой:
На бой! На бой!!
Пачуе песню “Зорных Нот”,
Сальецца ў дружным шматгалоссі –
І вас пад гімны Гамаюна
Аб’явяцца вакол мільёны.
(Пятніца, 26.02.1999г.)

                * *     *
“Усё паўторыцца аднойчы!” –
І зноў міне,
Як цемра знікне пасля ночы
У дзіўным сне.
Усё паўторыцца аднойчы —
І так, і не:
Паўтор не ў бачаць мае вочы,
Бо ўсё паўторыцца аднойчы
І без мяне.
(16.06.1999г.)

* * *
Жывая плоць не ведае падману.
І часам лжэ душа, а Дух — жыве хлуснёй,
Калі прыйшла пара залізваць раны,
                А ён, нібы сабачка, ловіць хвосцік свой.
(03.05.1999г.)
     * *     *
У стромкай напрузе дзён
Паміж будучым і мінулым
Ёсць плыткі Час Сапраўднасці —
Нібы чаўнок у вечных кроснах,
Снуе туды-сюды,
Ператыкае крыжыкамі дні —
І тчэцца палатно жыцця сучаснасццю.
(08.12. 1998г.)

 *    *    *
Жыццё маё – бясконцая дарога,
Што з Ніадкуль імкнецца ў Нікуды?
Ці вечны рост ад інфузорыі да Бога
Ў грымотах вогненнай хады?
                (1999г.)
      
         Перасцярога
Вецер пасееш – пажнеш ураган,
Ураган засяваеш – калі выспявае,
Зжынаеш смерч.
Калі ж у жыццёвую баразну
Хтосьці кідае, як зерне, вайну   —
Дыхнуць не паспее:
Маланкаю выблісне жніўны серп
І сейбіт зжынае смерць… В- е-е-е-ч-н-у-ю…
(29.01. 2002г.)
         Трэба
Трэба душу склікаць,
Нібы данское войска,
Трэба душу збіраць,
Быццам на бітву раць,
І пад Жазлом Жалезным
Ўладаю над душою
Трэба паставіць розум.
Разам трымаць пачуцці,
Нібы пяць пальцаў шчыльна
Шчэпленымі ў кулак.
Помніць заўжды: мужчына —
Воін ён ці араты —
Выжыве толькі так.
(2001 г.)

             Салдат
Родны бацька салдату камбат – не айчым!
І таму часта сняцца салдатам камбаты,
Калі ворагі ў мірнае неба Айчыны
Чорны дым качагараць з-пад роднае хаты…
Вось бы тут – твой камбат!
Ды яшчэ – аўтамат,
ды дзесятак гранат…
Зноў прысніўся мне ноччу камбат Квардакоў
З залатымі эмблемамі ў сініх пятліцах –
Гэта значыць: з вайны я дамоў не прыйшоў
І не скончаны бой за афганскай граніцай.
Ён маўчаў, мой камбат, —
Толькі выкрык душы мне пачуўся  без слоў:
Па вачах, што крывёю ўзяліся слязіцца.
Быў журботным пагляд
Быццам ён не камбат,
Быццам сам батальён не вадзіў у атаку:
— Што, Валера, маўчыш? Ці сустрэчы не рад?
Ці настолькі змяніўся вось так я?
І спытаўся тады капітан Квардакоў
Адным словам на выдыху, нібыта стрэліў:
“Даслужыў?”
— Адслужыў, і даўно ўжо вярнуўся дамоў…
Колькі ж год? Дай Бог памяць… Здаецца семнаццаць,
Як без зброі спакойна пачаў прачынацца.
Я — жанаты цяпер. І два хлопцы-байцы,
Як дубкі маладыя ў сямейнай дубраве растуць.
Помніш?… Першынца так і назваў я Міколам.
Помніш Кольку Стральца?… А другога – Кастусь,
Наш узводны, яму снайпер пацэліў у голаў…
Як жа ты? Мусі ўжо генерал?…

Цішыня і пустыня. Гарачы пясок.
І сляпучае сонца з крывавае раны
Акрапіла чырвоным агнём бэтээр
І прылегла стамлёнае за небакраем.
Сінявокі славянскі хлапец
Спатыкнуўся й прысеў адпачыць за барханам.
І цячэ цераз пальцы гарачы пясок,
І цупчыць і цурчыць каля скроні жывы ручаёк…

Адказаў мне пасля капітан Квардакоў,
Залатыя эмблемы дрыжалі ў пятліцах:
— А я, Толя, дамоў не прыйшоў…
Мне навечна ляжаць за афганскай граніцай.

Родны бацька салдату камбат — не айчым!
І таму часта сняцца салдатам камбаты,
Калі ворагі ў мірнае неба Айчыны
Чорны дым качагараць з-пад роднае хаты.
Вось бы тут — твой камбат!
А яшчэ — аўтамат,
ды дзесятак гранат…
                (25.04.2000г.)

  *     *   *
Што мінула – ужо не вернеш!
Што будзе? – яшчэ чакаць!
Наканована: дзёрзкім зернем
У будзёнасці прарастаць.
У Цяпер запускаць карэнне,
Спелым ростам яднаць вякі —
І ў наступнае ўпасці насеннем
Справы
З Сейбітавай рукі.
(24. 03.1999 г.)

       Усход і Маці
Жанчына вось, якая
Ніколі больш нікога не кахае.
Я выпіў вуснамі яе дажджы,
Я вёсламі расплёскваў яе вёсны,
Я выглядзеў усходам яе восень
І развярэдзіў пальцам раны –
Жанчына вось, якая
Ніколі больш мужчын не пакахае,
Стаіць сама сівая, як зіма,
Як сірата ў чужой шматлюднай хаце,
Жанчына гэтая — мая
Маці.
(28. 01. 2002 г.)

   * * *
Паўтарэнне — маці навучання!
“Ну, а бацька хто?” – пачуецца пытанне, —
“Бацька?…” 
І ў адказ: нясціплае маўчанне…
(2001 г.)
      *   * *
Канец тысячагоддзя.
Пытанні, быццам кобры,
Раптоўна паўстаюць перад жыццём:
“Быць мне ці не?” —
Ці мой нашчадак пракляне
Мяне,
      што збажына ў дзядоў радзіла добра,
Ды выслаў продак шлях не пожняй –
А асцём атрутных джалаў…

Пакуль не позна,
Пара ісці і разграбці сваёй бязглуздзіцы завалы,
Каб, не дай Бог, ніколі
Не бегаў басанож апошнім
Па сонечнай зямлі
Сынок майго Андрэя ці Міколы.
(1998 г.)

         АБСЯГ ОМЕГІ

      Наказ на дарогу
Мой дзед калісьці гаварыў:
“Ідзеш у лес на дзень –
Харчоў бяры на цэлых тры –
Не прападзеш нідзе!”
Калі збіраешся ў дарогу
За дальны дольны свет —
Бяры з сабою на падмогу
Хрыстовы Запавет.
Вазьмі ад роднага парога
Дзве жменькі роднае зямлі —
Не ўсе шляхі вядуць да Бога!
Мае кудысьці прывялі…

Як час бяжыць зямны!
Здаецца, ўчора толькі нарадзіўся –
А сёння ўжо мне трыццаць тры,
І крыху болей…
Гасподзь, я дзякую Табе,
За хлеб, за соль, за долю.
Хоць позна, але ж я — збудзіўся:
Як час бяжыць зямны!

Нам сняцца вычурныя сны.
Нядаўна зноў я заблудзіўся
Між трох прымроеных таполяў,
(А мне ж мінула трыццаць тры,
І крыху болей) —
А я ўсё похамкам за доляй,
Нібы вавёрка ў коле:
Ляціць чарговая ступень –
І зноў знікае за спіною,
І наступае новы дзень –
І паўтараецца такое ж…
Мой цень цяжэе нада мною.

А час ляціць за годам год,
Як дні-прыступкі на вавёрку,
І не спыніць кругазварот,
І сэрца б’ецца ўжо, здаецца,
Пад самым горлам у мяне!
Вось зараз выплюну з крывёю
І лёс, і долю, і жыццё…

Ну, досыць! До ўжо! Мне даволі
І ласкі вашай і намераў.
Я абяцаю больш ніколі
У слова чужароднае не верыць!
Мне гаварыў калісьці дзед:
“Бяда без рук адчыніць дзверы.
Калі ёсць хлеба на абед,
Пакінь яго ж і на вячэру.
Навуку за плячыма не насіць.
Умей рабіць усё —
Не ўсё рабі, што ўмееш.
І помні: без Айчыны не пражыць!
Бо Род дае жыццё,
І словам дзедавым мудрэюць”.
Цяпер сыны растуць мае  —
І паўтараю я за словам слова,
Што дзед калісьці гаварыў:
“Ідзеш у лес на дзень –
Харчоў бяры на цэлых тры –
Не прападзеш нідзе!…”

         Мроя Кіцежа
          1
У славянаў слава — слава Госпада!
А сярод славянаў — Русь Святая.
Як на востраве, на Русі Святой, на вялікай той,
дзесць пад Свіцяззю – слаўны Кіцеж град
(векапомны Граль!),
                што паэтамі
                уваспеты ён,
пераказаны шмат паданнямі,
што легендамі і казаннямі ён авеяны.
Нескароным горадам
уваскрэсне ён, спаконвечнаю светлай мараю.
Дзе шукаць яго?
                Як чакаць яго?
Скуль пачнецца ён спеўнай песняю?
Бо славянаў шмат –
                ды ў славянаў слава – Слова Госпада!
А сярод славянаў, нібы ў акіяне – Русь Святая:
як на востраве на Русі Святой,
на вялікай той — ёсць Русь Белая:
Беларусь мая, не скароная,
                не самлелая.
                Памалюся й я
                за славянаў славу,
                славу Госпада!
Светлым словам, шчырым Словам, не спадыспаду –
на Ўсход гледзячы, словам сонечным.
2
Што ёсць белае? —
гэта чыстае малако з грудзей пад маністамі,
пад жамчужнымі перламутрамі
у жанчыны што не за мужам шчэ;
то матулін хлеб — дотык вечнасці ў чалавечнасці.
Што ёсць белае? —
                гэта светлае і празрыстае,
як вада ў бары сцюдзяністая.
Што ж ёсць Белая? —
                не палонная, не прыгонная,
Духам моцная,
                сэрцам чулая — ды пад крыламі,
 пад бялюткімі, пад буслінымі –
Беларусь мая, жураўліная, журавінная…
Не спужаеце нас палыннымі Чарнабылямі –
былі чоныя – адбылі!
Як душа чыста – заспяваем мы,
і для Госпада, як плады з куста,
                даспяваем мы,
бо ў славянаў слава,
                слава Госпаду!
3
Упадзём на дол, як плады ў прыпол,
што мая бабуля да Пятра збірала –
і да цэркаўкі,
да Марыі-Дзевы — паляшучка Мар’я
яблычкі нясла.
Слёзкамі свяціла, з вераю маліла:
“Толькі б не дарэмна! Не прапалі б марна
дзеці ды ўнучэнькі… Госпадзе, свяці!
Папрасі, Марыя, бо табе ж лягчэй:
Ты ж  Яго насіла, Ты ж Яго карміла
                малаком з грудзей —
ведаеш, як шкода мацеркам дзяцей…
Знаеш, як балюча –
                дзетак да зямлі, да сырой, халоднай,
                цёмнай і галоднай –
папрасі, Марыя, Ты свайго Сыночка,
хай яшчэ пасвеціць Ён на белым свеце і моім дзеткам…
і ўнучэнькам тожэ… Іх яшчэ й шкодней…
Папрасі, Царыцо!
                Бо Тобе ж лягчэй Сына папрасіць?
Ну, няхай посвеціць шчэ на белым свеце…
на Русі на Белай…
                на Палессі родным…
                на раццэ Гарыні…
                Прыпяці рацэ…
Дзякуе… Пайшла…
І сціскае яблык у далоньцы кволай
любая бабуля: кульбачка ў руцэ —
цягнецца сцяжынкай да сяла паволі,
і цячэ слязіна па худой шчацэ.
Жыццейка скруціла, долу прыхіліла —
грукае кавенькай, сварыцца ў зямлю:
“Сына пахавала, і забрала ўнучку…
Ух, змяюка чорна, аддавай хутчэй!”
— Папрасі, Марыя, хай яшчэ пасвеціць
Сын на белым свеце і чужым дзяткам, —
дзякую… “Завошта?”
— Вось за гэты яблык… праўнучку нясу.

І ўстае паволі за спіной бабулі
слаўны горад Кіцеж!
Бо ў славянаў слава,
                слава Госпада!
4
Упадзём на дол, як плады ў прыпол,
і пакоцімся ў ногі Госпада:
на нябесны дол, светазарны стол,
да апошняе свае ростані.
Эх, не проста так нам да Госпада:
“Прапусціце нас — там жа райскі сад
распускаюцца кветы вечнасці!”
Эх,  не проста так нам да Госпада,
бо стаіць сцяной хтосць з Апосталаў:
— Прапусціць бы рад, толькі вам – назад:
не праходзяць тут шляхам грэшныя!
Эх, не проста так нам да Госпада –
Херувім стаіць з мячом вострым там:
“Прапусціць бы рад, толькі вам — назад:
не праходзяцца душы грэшныя
там, дзе райскі сад, расцвітаюць дзе
кветы вечнасці…”
Ой, заплачамся, замаркоцімся:
                — Дзе ж ты, сілушка маладзецкая?
дзе ж ты, славушка, слава вольная,
слова светлае, неадольнае?
Дзе ж ты Кіцеж град, паратоўны наш,
град славянскі наш?
У бабулечкі, у прыполе ён,
у худзенечкіх ручках стомленых,
там — дзе яблычак непаспытаны…
Так то ж, Госпадзе, не спытала я,
не спрабоўвала есці яблычкаў аж да Спасаўкі…
Аж да Спаса я?
Упасі, Гасподзь, паратуй-спасі маіх дзетухнаў…
Пасвяці яшчэ маім дзета…
                Дзе ж та гэта я?
                (1997 г.)
             Жанчыне
Яшчэ не жанчына, што ў муках дзіцятка народзіць.
Грудзьмі набрыялымі ўдосталь накорміць і сілай адорыць.
Прабачце, ласіха таксама — ацеліць цялятка,
І вымя падставіць, і сілы свае аддае для патомства.

Яшчэ не жанчына, што ночы не спіць і бядуе:
Як выхаваць сына ці доню, прывіць чалавечыя звычкі?
Ваўчыца таксама сваіх ваўчанятак галубіць,
І вывучыць іх паляваць, і знаходзіць спажыву.

Тады ты – жанчына, каханая ты або маці,
Калі не шкадуючы роднай крывінкі дзіцячай,
Жорсткай і цвёрдай рукой правядзеш па юдолі зямной,
І сына свайго блаславіш на Галгофу, і скажаш:
“Не будзе іначай!” — І толькі тады ты жанчына,
Як вывучыш сына, дачку альбо мужа:
Не падаць са страху ад прывіда смерці,
І толькі тады ты Жанчына,
Калі ў цябе розум, душа, нават цела –
Як брама святая, якая шырока расчынена ў вечнасць!

              * * *
 — Для чаго пішуць вершы? – запыталі ў паэта, —
Каб паўсюль быць найпершым, ці для іншае мэты?
А паэт адказа з усмешкай на вуснах:
— Вершы я не пісаў, я іх толькі падслухваў.

        Кола эвалюцыі
Збіраўся доўга і шчасліва жыць:
Мяне жанчына палюбіла!
І вось цяпер — распялі на крыжы,
А ў небе сонейка свяціла.

У небе сонейка свяціла,
І я збіраўся доўга жыць:
Мяне жанчына палюбіла —
І раптам зноў распялі на крыжы.

Мяне распялі на крыжы,
А ў небе сонейка свяціла.
Я ж так збіраўся доўга жыць,
І вось — жанчына палюбіла.

Мяне жанчына палюбіла.
Мяне распялі на крыжы.
А ў небе сонейка свяціла
І я збіраўся доўга жыць…

Збіраўся доўга і шчасліва жыць.
Мяне жанчына не любіла.
Мяне распялі на крыжы,
А ў небе…
                У небе сонейка свяціла.
(1997 г.)

         Маналог сэрца
Малой радзіме —  вёсцы Люсіна.
Да родных людзей і зямлі мае словы:
Ніколі нідзе не зраблюся я новым!
Я гэтак жа рвуся з грудзей на волю
І так апантана шукаю долю,
Старое, як свет, у зямной кругаверці,
Як сонца адно над жытнёвым полем,
Я — Мера Любові, нястомнае сэрца.
Калі ж хоць аднойчы на момант спынюся,
Няўзнак захлынуся шалёным рытмам —
То зноўку да роднай зямлі вярнуся,
А вершамі з вамі яшчэ гаварыцьму.
(09. 05.1999 г.)
 
      Не скончаная экспрэсія
Роднай вёсцы Толмачава
І другу адзінаму – Вячаславу.
Зноў трапіў у выкляты круг:
Не вырвацца з подлай пасткі!
Далёка жыве мой адзіны друг,
А вашай — не трэба ласкі…
Не веру! І верыць ужо не змагу
Ніколі, нідзе, нікому…
Магчыма,
Адзін сярод мёртвых яшчэ жыву
І крыж свой нясу я за ўсіх мужчынаў…
……………………………………………
Прыяцеляў многа, сяброў ёсць крыху,
Ды толькі, адвечны Божа,
Ты мне над прадоннем падаў руку,
Каб сонца свяціла гожа,
Каб хмарачкі нада мною
І над людзьмі плылі,
Каб не было спакою,
І — не было вайны…
…………………………..
Узлятай, мая малітва,
Над абшарамі зямлі,
Каб ніколі ў лютых бітвах
Вашы ўнукі не жылі…
Але ведайце, што гэта —
Усяго пачатак Дня,
Бо заўжды жывуць Паэты —
Сэрцам круціцца Зямля.
……………………………..
А цяпер, дзіцятка, казку
Няхай бацька твой раскажа…
(12. 12.1997 г.)
Сокал
Дзесьці далёка, далёка-далёка,
За сінім краем зямлі
Лятае ў нябёсах Сокал,
Лятае высока Сокал –
Там іншыя птушкі лятаць не змаглі.

Ён радуецца адзіноце
І вольны, нібыта вецер:
Ніхто яго песню ў нябеснай ноце
Не змог паўтарыць на свеце.
А ўнізе сярод мітусні людзей,
Далёкіх людзей і блізкіх
Жыве чалавек… І ад самай калыскі
Песціць Надзею з Надзей:
Што там вось, далёка-далёка,
За краем скалістых гор,
Дзе Сокал спявае ў нябёсах
(Высока ўзлятае Сокал),
Той Сокал высокі –
Душа яго.
(05.08.1999г.)

          Дэвіз мастацтва
Званы ў царкве ніколі не бываюць –
Людзей жа ў Храм заўжды яны склікаюць.

Памяць
Наша памяць — скарбонка, шкатулка, “капілка”:
Апускаем манеты пачуццяў, учынкаў і думак штодня –
Там ляжаць да патрэбы, да часу, пакуль не захочам
Штосьці нанава ўспомніць з таго, што раней пражылі.
Разаб’ецца аднойчы жаданнем прыпомніць чароўная тая скарбонка:
Разляцяцца асколкі пачуццяў, і думак пасыплецца друз –
(Мы не ўмеем разбіць асцярожна),
Разляцяцца манеты-пачуцці, учынкі на ўсе на чатыры бакі:
То пад ложак, пад стол, то надоўга праваліцца ў дзірку –
Мо таму не знаходзім мы часта таго, што калісць пражылі?
Мы не ўмеем разбіць нашу памяць, разбіць асцярожна.
Наша памяць — скарбонка, шкатулка, “капілка” –
Мы і самі не ведаем часам, што памяць хавае,
І не ўцямім, чаго назбіралі мы: смецця ці скарбаў? —
Там ляжаць да патрэбы, да часу, пакуль не наступіць той дзень,
Для якога нам дадзена памяць…
Возьме ў рукі Гасподзь нашу памяць-скарбонку
І па-боску яе разаб’е, і ніводнай манеты не згубіць –
Ён умее разбіць,
Ён умее разбіць асцярожна.
І пакажа нам золата наша і фальш,
І пакажа нам нашу брыдоту,
Што збіралі з табой па жыцці дзень у дзень,
І асудзіць Ён нас, нашай памяццю нас апраўдае –
І прыпомнім мы ўсё да дарбніц, што рабілі калісьці,
Бо мы самі збіраем з табой сваю памяць:
Наша памяць – скарбока, шкатулка, “капілка”…
         
   Трыадзінства шляхоў чалавечых
  ( т р ы п ц і х)

          Ш л я х   З а к о н у
І быў мой першы вораг,
той, каторы аберучкі ўхапіў за горла.
І я рассёк яго мячом напалавіну.
І стала двое іх супроць мяне.
Не абмінеш зямную пуцявіну:
калі парвецца пупавіна Роду –
выходзіш раптам на зыход Прыроды…
Ніхто ў пачатку не павінны,
напрыканцы –
і шрамы, і рубцы скрываўлены цярновымі вянцамі.

Стаялі ўдвух супроць мяне,
на хісткім дне,
нянавідныя ворагі мае.
І быў пачатак,
што спакусіўся вышынёй не дольных тронаў –
а прагнуў шчырасці Нагорнага Закону.

Я ж на кавалкі разрываў крывавымі рукамі
і раскідаў жывое мяса навакол,
шалеючы жывёльным гонам –
і камень стомы
выростваў на душы,
і цяжарам душыў,
і гнуў дадолу стопудовы.

І абступілі шчыльна легіёны
чужынцаў-ворагаў, памножаных на раць…
і на скрыжалях сэрцаў сцвердзіў я чырвоныя законы, акрэсліў іх,
як час прыспешыў паміраць.
             І пацягнуў я Крыж свой на Галгофу…
             І там яны распялі Бога.

    Ш л я х    В е р ы
Мо, ад калена Данава, ці праз калена Юдзіна,
нібы браня ад ворагаў,
мне дадзены Закон быў –
і быў закон па людзях.
І быў закон зацверджаны на сэрцы:
«Законам жыў, і грэх спазнаў Законам».
І ён дапамагаў ці не мне? –
цемра!
Нябесны Сейбіт у душу людзей засеяў
насенне запаветаў Маісея.
Насенне прарасло – і абступіў магічны круг,
я зразумеў:
закон – загон, закон – пастух і цемрадзь!
А зерне,
што памерла,
рванулася ў паднеб’е
і абкруціла грэшным колам,
і я падумаў: “Што мне трэба?”
— Відовішчаў і хлеба! – з маіх вантробаў голас зарычэў.
Знячэўку зноў даўмеўся я,
што заблудзіўся тут.
Улева, ўправа пахіснуўся –
і вока выцякла на сук.
Яшчэ тры крокі ў бок я –
і вось другое вока тырчыць на ламачыне…

У чым прычына?
Чаму, абручаны законам,
я зведаў кару ад яго?
Чаму, узброены законам,
застаўся я сляпы?
Чаму, спаўняючы законы –
мяне ж Законам білі?
Нарэшце я адкрыў:
мяне любілі!
      І расчыніў у вечнасць дзверы:
      цяпер ратуе Вера!
            
    І    ш л я х    Л ю б о в і
Закон прыйшоўшы да мяне,
за сэрца ўзяў і скіраваў дарогай веры,
і я, прадзёршыся скрозь церні,
урэшце страціў зрок.

Што мне рабіць цяпер? –
цярпець!
Куды свой крок накіраваць? –
трываць!
Пакутаваць і зносіць,
вытрымліваць, трымацца, пераносіць,
бо восень даспявае ўжо даўно –
вось набліжаецца апошняе жніво,
а там — сама зіма:
халодная, галодная яна,
і “звер” па нервах кіпцюрамі зашкрабе…
Што мне рабіць цяпер? –
цярпець!
Вучыцца ненавідзець смерць
і  не баяцца,
не давацца ў лапы Антыхрысту,
прыслужнікам і наймітам яго –
усяго праз колькі год –
маўчаць, і не прасіць пячаць
ілжэхрыста на руку ці чало,
цярпліва і пакутна зносіць зло
і адваротна зноў не спараджаць.

Трываць! Пакутаваць і зносіць,
вытрымліваць, трымацца, пераносіць…
І спеласцю напоўніць плод.
Пакуль яшчэ даспее восень –
прасіцьму гожасці ў Хрыста!

Я папрашу магчымасці ў Хрыста,
каб вывучыў галоўнаму Ён шляху,
які сабой ва ўсе вякі
яднаў шматлікія шляхі,
выводзіў на Галгофу і на плаху,
і з баязліўцаў ён рабіў герояў,
вёў на касцёр і ў бой,
быў для сябе да скону сам законам
і сам жа забаронай:
дзіця Надзеі з Верай –
дазвол на ўсё заўжды ён мае,
і сам сабой трымае ўсе правы крыві —
ён трэці,
Трыадзіны Шлях Любві!
(1995 г.)
    
       Шэсцьсот шэсцьдзесят шостым
Сляпы вядзе сялпога
Па следу папярэдніх
І бізунамі словы
Сцябаюць па паветры.
Прыспешваюць апошніх
І напіраюць першых –
Брыдзе крывава пошасць
Шэсцьсот шэсцьдзесят шостых.
Сляпыя пруцца статкам:
Наперад! Да прадоння!!
Каб потым без астатку
У вечнасці агоній
Не наталіць агонь ім…
(1993 г.)
      Вершаслоўе
Воран ворану вока не выдзяўбе!
Чалавек чалавеку ж бывае –
І два выбівае.
(1999 г.)

      Гульня  ў жыццё
Жыццё – гульня! Вялікая гульня!
І хто ўсур’ёз гуляе – плача:
Паставіш на кульгавага каня –
Свой лёс наўрад ці перайначыш!

Жыццё – гульня: іграюць на пацеху
Герояў, блазнаў, голых каралёў…
Іграе рыцара ў сярэбраных даспехах,
Хто сам каштуе меньш пяці рублёў;
Іграюць здраднікі на вернасць,
Ілжэц — гулец у справядлівасць,
Хлусня гуляецца ў праўдзівасць,
Апошнія гуляюць самых першых,
Палітыкі гуляюцца ў рэзервы,
І ўсё — іграецца на нервах.
Так, як вар’ят гуляе брытвай,
Натоўп гуляецца з уладай,
Хістае час ад часу трон,
Маўляў, мы зробім шыта-крыта,
А дурні пляскаюць у ладкі.

Суддзя гуляецца законам,
Закон гуляецца людзьмі:
Азарт! Запал! Ажыятаж!
А што ж ляжыць на коне? –
Душа!
               Ты паспрабуй яе вазьмі,
Калі ўзаконен гэткі антураж.

Святар гуляецца багамі,
Шайтан гуляе святаром.
Блюзнерства ёсць: гуляцца ў Храме!
— Валі валом! — крычаць,
гуляюць акаэмам:
“Правы качаць?” — “Маўчаць!”
За смерцю разбярэм мы,
Хто праў быў з нас,
Хто цалкам вінаваты?
Шкада, не закілзаеш час,
Бо ён гуляцца не аматар.
(1997 г.)

               Дом здрады
Стаіць дом, нібы мурашнік: калідоры – норы.
Ходзяць-бродзяць чалавекі, па-асобку – добры нораў,
А сукупна – нораў страшны.
Не мурашкі ўсё ж, а – людзі, і, як кажуць, свету суддзі.
Цэлы дзень яны пры справе: справы злева, як і справа,
Зззаду, спераду і зверху – аж звіняць напругай нервы.
У бясконцых калідорах-норах: дзверы, дзверы, дзверы…
Штосьці там «мурашкі» робяць,
Нібы робаты на радасць інжынеру:
І снуюць узад і ўперад, а дакладней – існуюць!
Людзі гэта? Не! – мурашкі: разварушацца – жывыя!
Плодзяць дзетак ды за хабар ці за пляшку
Брэшуць, гаўкаюць і выюць…

Домам Здрады называецца такое.
Тут наўрад ці хто кагосці супакоіць,
Бо аднойчы  я на вочы свае бачыў:
Чалавека гналі ўпрочкі, нібы клячу.
Чалавек прыйшоў з бядою – і забегаў па пакоях,
Ён у шчырым захапленні ірвануў да іх насустрач
За спагадай-разуменнем:
— Алібастры, — чуе, — з дустам!
Просіць хлеб – даюць каменне.
Разламі хоць рэбры с хрустам,
Там, дзе сэрца – месца пуста.
Ён туды-сюды і – На!
Натыкаецца: сцяна!
І знайшлося тут адно
Сэрца чулае – акно…
На дзесятым паверсе…
                Сёння краты там па версе.
(1994 г.)
           Боль
Ёсць рэфлексы і боль!
О, як цяжка змагацца за долю:
Ёсць рэфлексы і боль…
А яшчэ?… — побач сын
Вельмі соладка спіць…
Ёсць рэфлексы і боль,
І яшчэ, быццам пульс:
“Не збудзіць, не збудзіць…” –
(Не парушыць дзіцячы сон).
Ёсць рэфлексы і боль.
Нічагуткі павек не было
І цяпер, мне здаецца,
Нічога ніколі не будзе,
Толькі боль і рэфлексы,
Рэфлексія на боль –
Гэта слёзы сухія і соль,
Гэта сутнасць распаленых сэнсаў:
І нічога, ніколі…
Толькі Коля, мой сын,
Што так соладка спіць:
Не збудзіць!
     Не збудзіць.
         Не збудзіць…
(13.09.1996 г.)
    * * *
Колькі мудрых напісана кніжак,
Ды дабрэйшым не стаў белы свет.
А паэты ўсё пішуць і пішуць,
І надзеецца кожны паэт:
“Надрукую апошні санет –
І абновіцца ўвесь белы свет…”
(24.01. 2000 г.)
                Друкарскі легіён
— Гавораць, што з часоў вынаходніцтва    Гутэнберга,     д’ябал пасяліўся ў друкарскай фарбе.
— Магчыма. Але хто ж тады засеў на мікрасхемы?
(з прыватнай размовы)
Сядзяць паўсюль паэцікі, месійкі і прарочыцы,
Пісьменнікі-заступнікі і публіцысты ўсякія,
Аракулы, філосафы і журналісты гэтак жа,
Прамоўцы і гісторыкі, палітыкі і не;
Сядзяць прыват-дацэнцікі, салідныя вучоныя
І розныя пісучыя з чарнільная душой;
Сядзяць бязвуса-юныя і стара-барадатыя,
Касматыя, патлатыя, пляшывыя зусім;
Сядзяць па велізарнейшых, па цесненькіх будынінах,
Лічы што па халупінах, па еўрапейскіх офісах
І ў сціплых буданах; і ўсё — на мяккім месцайку:
Рыпяць іх табурэтачкі, паскрыпваюць канапачкі
І крэслачкі раскошныя і пер’е іх рыпіць…
Сядзяць адны пад лесвіцай, другія ў кабінецішчах,
А трэція на лецішчах, чацвёртыя – у цесных катухах…
Чаго ж  сядзяць,  скажыце так? І шамацяць паперкамі,
Абклаўшыся старонкамі, старымі фаліянтамі
І моднымі выданнямі з цісненнем залатым?
Сядзяць сабе пашкрабваюць даклады, дысертацыі,
Паэмы, манаграфіі, раманы і артыкулы,
Нудотнейшыя опусы – а ты, чытач, чытай!
Яны ж сабе папісваюць: мыслішка за мыслішкаю,
Ганяюцца за думкаю, як малпа за блыхой!
— І для чаго ж, скажыце вы, папісваеце-пішаце?
Мо гэтым дапаможаце хаця б адной душы?
— Ды не, — яны адказваюць: — Мы пішам вам на забаўку,
Ад свербу графаманскага; сёй-той – для ганарарчыку,
А той – для славы, гонару, для ордэна ці прэміі,
А гэты вось – для памяці, для помніка гранітнага,
Для імені вучонага… Часцей жа – па інэрцыі:
“Піснулі – нас заўважылі,
З тае пары ўсё пішам, пішам, пішам мы… —
Не спынімся ніяк!”
(1999 г.)
* * *
Ёсць у кожнага свае тараканы:
Не жыве адзін “ні дня без радка”,
А другі не можа жыць без стакана
Барматухі, ці якога віна.
Ёсць у кожнага свае тараканы.
Хоць падрыгвае з пахмелля рука –
Ўсё да кроплі працэдзіць старанна
І абсмокча да самага дна.
                Ёсць у кожнага свае тараканы.
І не ведлаю: чыя тут віна,
Што мы ўласныя ў людзях заганы
Прыкмячаем, а свая балячка нам не відна.
(2010 г.)
  * * *
Шаноўны сябар,
якая ж ты ўсё-такі сволач!
Паўнюткі цэбар
злыкалі гарэлкі з табой,
А ты ўзяў хабар,
узяў за такую дробязь,
Што нават Цэрбер
жахнецца брыды тваёй.
(31. 01. 2002 г.)
     * * *
Ёсць і сярод вас іуды,
Мае шаноўныя сябры,
Пакуль я жыць на свеце буду –
Дрыжаць асінам у бары.
(31. 01. 2002 г.)
           Пляткару
О, як хочацца вам мяне бачыць вар’ятам –
Узялі б па сто грам вы на грудзі свае
За маё нездароўе, пабеглі б дахаты
Пакусаныя радасцю:”Сонца ўстае!”

Сонца вашае праўды ўзыходзіць над светам,
Вы пачулі, што свішча ўжо рак на гары:
Звар’яцелым нікому не ўбачыць паэта!
Вы ў разумных пакуль пахадзіце…
                Да пэўнай пары.
                (1995 г.)
          Пра дурнога
Калі свіння забрэша на вавёрку –
Тады дурны паразумнее.
Калі засвішча рак, і рыба заспявае на пагорку,
Тады дурны хоць нешта, пэўна ж,  зразумее?…

Як жалуды пасыплюцца з вярбы,
І дзесьці ў моры-акіяне
Пагойдвацца на хвалях будзе камень,
А потым камень той травою парасце,
А на траве распусцяцца нарэшце кветы –
Тады дурны ў бязглуздай прастаце
Збіраць паедзе з радасцю на камні тым пярэстыя букеты.
       (1995 г.)

Алесю Разанаву
Чаму я спаліў Каран, Бхагават-Гіту, Ніцшэ,
Рэрыхаў і інш.
Калі я каталік і мусульманін,
будыст, баптыст і ламаіст,
называюся яшчэ і праваслаўным —
якой веры я?
НІЯКАЙ!
Калі я іду ўправа і ўлева,
у адначассе назад і ўперад,
уверх падскокваю і ў той жа час
зарываюся ў зямлю, нібы крот —
куды іду я?
НІКУДЫ!
Калі спавядаюся Хрысту,
пакланяюся Алаху, Буду,
прывячаю Крышну і Ламу,
прымаю Рэрыхаў і Блавацкую, нібы пасланнікаў Божых —
Каму малюся я?
НІКОМУ!

Калі я з вамі і з тымі,
з першымі і з апошнімі,
з крайнімі і сярэднімі –
з кім я?
САМ ПА САБЕ!
Калі рухаешся ў розныя бакі – адначасова –
СТАІШ НА МЕСЦЫ!
Калі вызнаннік усіх рэлігій –
ЖЫВЕШ БЕЗ БОГА!
(1995 г.)

            Натоўпу
       Выйдзі з натоўпу і стань чалавекам!
       Людзі, ўставайце жыць!
Мяне штурхнулі, я — штурхнуў:
Мой сусед штурхаў суседзяў…
Мяне піхнулі, я – піхнуў,
Мой сусед піхаў суседзяў…
Звярэлі ўсе! Ніхто не ўгледзеў
Як пад нагамі хтосьці закрычаў,
Яго натоўп бязлітасны таптаў,
А ён крычаў, так жыць хацеў –
Яго ж ніхто зусім не заўважаў.
Вось следам нехта новы паляцеў,
Сусед мой па-свіннячы завішчаў –
Нічога ўжо ніхто не разбіраў:
Яго тапталі, ён – таптаў…
Так чалавека растапталі мы ўсе разам!
Хто ж вінаваты? Той, хто йдзе ў натоўп.
Выйдзі з натоўпу, стань чалавекам!
Людзі, ўставайце жыць!
……………………………………..
…О! Як ты роў, натоўп, нібы шалёны звер,
Распальваў як аголеныя нервы
І паўнаўладдзем упіваўся над жывымі душамі
(Пляваць табе, што нехта зноў задушаны!) –
Нібы жывёліна навальваў пузам зверху,
І мяса рваў,
                і шчэрыў іклы.
І кроў, як вурдалак, смактаў…
Мы ж гэтак да карцін такіх прывыклі:
Па “тэле” да апошніх да ізвілін прапацелі,
Чаму ж цяпер нам так нязвыкла,
Што дэман на ўвесь зеў зарагатаў
І кіпцюры ўвагнаў у цела
Маладое,
 чалавечае,
                жывое…
Хіба ж мы гэтага хацелі?
Не, не тое мроілася нам,
ДЭМАНАкратый доблесным сынам.
Няўжо яшчэ нам прыкладаў замала?
Сакрат, Хрыстос, Джардана Бруна…, —
Усіх найлепшых зжэр натоўп!
Мы ж звар’яцела зноў і зноў
Быдлячае ствараем права
Бяздумнай большасцю галоў.
Яшчэ, бацькі, хіба ж мы з вамі самі,
Сумесна з донькамі, сынамі
Штовечар мала ловім у галовы
Блакітна-д’яблавага бруду ў роднай хаце?
Вальяжна разваліўшыся ў канапе
Скрозь зубы цэдзім і смакуем,
Прагнюшча п’ём атрутныя напоі,
Бо гэтак вабіць цела маладое,
Бо там усё “нянаскае” такое…
Во, зноў!
             Зноў Чалавека засмакталі усе разам
На эН-Тэ-Вэ, ці О-эР-Тэ, ці ў відэазаразу –
А з нас ніхто і не заўважыў,
Што чалавека ўжо няма –
Адна абраза,
                і “целіку рагоча Сатана…
Ён выплюне праз месяц сіні труп!
Ці там ці тут: праказа ёсць праказа!
На смерць заўжды находзіць смердзь!
Не, не адразу забіваюць чалавека –
А вынішчаюць непрыкметна і пакрыху,
Так, як рака вясной ламае крыгі,
Ці як паводкаю зрывае берагі,
Так, як садыст ахвяру рэжа брытваю тупою,
А мы глядзім – і цешыць нас такое, —
Вось так натоўпам душаць чада веку,
Пакуль не скажа Нехта:”Стоп! Великий перегиб!”
Выйдзі з натоўпу, стань чалавекам!
Людзі, ўставайце жыць!
Здавён грыміць Святая Бітва,
Ад прадзедаў да нас ляціць,
На сечу кліча Дух.
                Ад веку і да веку
Ёсць поле Кулікова ў кожным сэрцы:
Там Перасвет схліснуўся з Качубеем,
Там — не натоўп, не зброд – Адзінаборцы!
Там  вецер вольны ў нашы душы вее,
Там Грундвальда грыміць былая слава,
І род там памнажаецца на Род,
А не арава на Вараву,
Там, Дзеці Сонца, Запавет Арыйскай Праві,
Там з Крыўдаю ў двубой сыйшлася Праўда,
Там Птушка Гамаюн, і вечна юная Ясунь –
А не жыдоўская турма…
І не хазарская машна…
Не бугі-вугі да цямна…
Не Югаслаўская вайна…
Не тут, а ТАМ жыве Гасподзь,
Уваскрасае ТАМ НаРод,
А МАТ жуе жывёльны зброд.
……………………………..
Калі ў натоўпе затапталі чалавека –
Яшчэ раней душу стаптаць патрэбна да калецтва –
Вось так аднойчы могуць растаптаць і Чалавецтва!
            ВЫЙДЗІ З НАТОЎПУ —
ВОН!!!
                (06. 06.1999г.)

    

Геаметрыя подласці
1
Нашы сябры крыжы.
Круг — наш падманны друг.
Роспач… Захочаш жыць,
То да крыжа бяжы.
Кола табе не сябар,
Колам мы толькі сядзем,
Вып’ем па дзвесце грам,
Чарку пусцім па кругу,
Ромб-паралелаграм! –
Больш нам кругі не другі!
Славяне праходзяць прама!
Розум, калі квадратны,
Не закругліць пагрозай:
Вум ёсць і ў вутвы, кажуць,
Вутва ж – яшчэ не розум.
Пір сёння ваш — шабаш!
Ставіце піраміду
Не на аснову — аж
На вастрыё, як дзіду.

Вы распытайце ў “вумных”:
Чый гэта будзе знак?
2.
Веры не дай кругам
Сінім, што пад вачамі,
Ці, калі звер пятляе
Сілы губляючы на адчай –
Вырвецца з подлай пасткі,
Толькі тады, калі
Выбярэ шлях напросткі:
Крыкі… сцяжкі… і — “Плі!”
Веры не дай кругам,
Бо кругавой парукай,
Шчырай хлуснёй, двудушшам
Царуе і гад, і хам.
Кругам жывое душаць!
Баба, як стане сукай,
Кажуць – пайшла па кругу!
Вы не дарма, шасцёркі,
Нібы пятля на горле –
Ды Віфліемскай зоркай
Вас прычакае прорва.

Лепш распытайце ў “вумных”:
Чый гэта будзе лік?
3
Што ж, вы пакуль безаблічны,
Імя вам – легіён,
Ды прад Святым Абліччам
Існы адзін Закон.
Хутка ўжо прыйцдзе Ён.
Змерайце кубатурай
Праўду сваёй душы.
Чуў я, што ёсць натуры,
Дзе замест сэрцаў – шышы!
Нашы сябры – крыжы!
Круг – наш падманны друг.
Роспач? І хочацца жыць?
То да Крыжа бяжы:
Толькі хада прамая
Выведзе люд да раю.
Раптам, гляджу – бязлікія?…
Тройчы радкі лічыце!
Можа, ў ачко згуляем?
Ці ў “падкіднога”, ў “дурня”?
 
Вочы казеліць зграя:
Што ж гэта за фігуры?
(1995 г.)

       Тут і там
“Хамская ўлада – подласць і здрада”
Віктар Шалкевіч
Тут –
подласць і здрада,
Тут –
хамская ўлада,
Гінуць тут нашы душы.
Ці помніцца сэрцу неба?
Ці трэба нам што да хлеба?
Ці каўбасою жывое здушым?

А ў небе анёлак лунае ў аблоках
І светлыя гімны вышыням пяе.
Лазорава-мройная мара далёка,
А вабіць да зорак,
заснуць не дае.
Тут –
кожны нам шосты
Ўраз
здрадзіць і проста
Возьме прадасць з трыбухою.
Дзе ж
нам з табой дзецца
Ад голаса Бога ў сэрцы?
Нас душаць грахі бядою.

А ў небе анёлак лунае ў аблоках
І светлыя гімны вышыням пяе.
Лазорава-мройная мара далёка,
А вабіць да зорак,
заснуць не дае.
Рві!
д’яблавы путы –
Мы
людзямі будзем:
Хай локці кусаюць злыдні!
(1993 г.)

    Ловы дзеяслоўнага сэнсу
Дзеянне гэтага слова – расці,
Не стаяць на месцы,
Дзеянне гэтага слова – ісці,
І ўзыходзіць, як цеста,
Дзеянне гэтага слова — брадзіць,
Як бродзіць віно маладое,
Дзеянне гэтага слова — любіць,
І не ведаць спакою!
Дзеянне гэтага слова ІСЦІ…
Дык ідзі ж!
Толькі глядзі, каб са СЛОВАМ
Не атрымалася ЗЛО ВАМ,
Бо дзеянне гэтага слова, нібы дзеяслова ІСЦІ…
Вось толькі пытанні ўзнікаюць: “куды”(?) і на “што” вам
ІСЦІНА?
                ІСЦІ НА…?
Табе вырашаць: і куды, і навошта?
Табе выбіраць, і шукаць —  нарэшце знайсці
Неабходна СВАЮ ісціну…
ІСЦІ?… НУ!
                Ідзі ж!
Толькі глядзі ў два вокі
І не разбі лба рокам!
Бо ісці нам патрэбна да Неба,
А ісціна — ад зямлі, ад глебы,
Бо ісці нам патрэбна да ПРАЎДЫ,
Бо толькі Праўда з Нябёсаў.
Разоў сем раздумай, разваж: а ці праў ты?
Калі на грудзі зямлі ступаеш нагамі босымі,
Калі сціскаеш у далані крыжовай ісціны посах.
(1996 г.)
       *      * *
Вучыўся я ў сябе самога…
Калі я думаў пра сябе,
Што, быццам я, ды штосьці значу –
Быў я, па сутнасці — Нішто!
Калі я ведаю цяпер,
Што я, па сутнасці, — Нішто, —
Гавораць мне: ты сёння нешта значыш!

Але ж вучыўся я ў сябе самога?
                (1995 г.)
   

     Чужыя сані
(байка-павучанка)
Гаварыла мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані!..”
Не паслухаў Саня:
Сеў не ў свае сані,
Разваліўся панам
У чужой фурманцы,
І чужыя вожкі
Ён у рукі ўзяў,
І чужыя коні
Граюць і танцуюць,
Бубенцы чужыя
Весела звіняць...

Высвіснуў гарапнік  –
Коні сталі дыбам,
Шуганулі ветрам
За паднебны край.
Ад чумнога рання
Да святога нігды
Гойсае дазвання
Неслухмяны Саня
На чужых санях.
І калі прыстануць
Тыя коні ў санях,
Мо тады як свісне
На высокай горцы
Развусаты рак?
Бо таго не ўцяміць,
Што казала мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані,
Бо чужой далонню
Толькі жар грабці.
Бо з чужое ласкі —
З князяў ды ў падпаскі,
Ды чужым падсвінкам
Хвосцікі круціць”.

Ды не слухаў Саня,
Што вучыла мама:
Лёгка жыць на свеце
Розумам чужым.
Ці зіма ці лета —
Ўсё адзіным цветам:
Лётае без мэты
На чужых санях,
Ды паўсюль гаворыць,
Што я сам з вусамі,
А таго на памяць
Не прыходзіць Саню,
Што казала мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані,
Бо чужые сані,
Нібы хлеб чужы.
Не судзіся, Саня,
З роднымі братамі,
Як жа твае дзеці,
Тута будуць жыць?!
Хоць і сам з вусамі,
Зразумей жа, Саня,
Як чужые сані —
Дрэннае катанне,
А свайго чурацца
Зарачысь навек.
Хоць бы на вяселлі,
Або на хрысцінах,
Тое ўсім вядома,
Што чужы раточак
Не закрыць платочкам,
Ці якой хусцінай,
Ды якім бы смачным
Не быў каравай,
Калі то чужое –
Рот не разяўляй.
Засячы на носе,
Калі не папросяць,
За чужыя кросны
Госці не садзяцца.
У сваіх падсанках
Лепей пакатацца,
Чым у іх раскошных
Розвальнях чужых.
А не маеш санкаў,
Хоць на мяккім месцы,
Хоць на голай срачцы,
Абы на сваёй!” —
Гаварыла мама
Так дурному Саню,
А ці ж зразумеў ён –
То не нам судзіць.

Пра такіх гавораць,
Што яны з прыветам:
Глыбака не ўворуць,
Густа не засеюць,
А часцей буяюць
Кветам-пустацветам.
Дурняў не араюць
І не засяваюць,
Так заўжды бывае:
Самі вырастаюць.
                (2006г.)
ВОЎЧАЯ ПОМСТА
                Ахвяруецца Алёне Пяхота
                Ноч!
Цемра такая, хоць выкалі вочы.
Кроў!
        Водар крыві задурманіў маю галаву.
След!
След удыхнуў на ўсе грудзі і грозна, па-воўчы,
Вырашыў помсціць, пакуль я на свеце жыву.

Вольнаму – Воля, палоннаму – Тлен!

Выбліснуў месяц, як клык, серабром перламутру:
Месяц — мой брат, мая родная Маці — Зямля;
Я — Сын Жывога: нашэпча звярыная мудрасць –
І абавязаны знішчыць вытокі двухногага зла.

Эх, ты мая раздубрава, Айчына-Ваўчыная!

Будзе бязлітаснай помста да самага скону.
Поўсць на ўсю холку наструніцца гострымі голкамі:
Воўк-адзінец я!
                Ваўчыны мой род захварэў,
Ды прыткія ногі ахвяру загоняць!
Пашчай хапаю паветра,
Дух патрабуе гарачай крыві для Закону
Пушчаў і нетраў маіх запаветных:
Выправіць права на смерць!
Не захацелі людзьмі быць –
                Я прад’яўляю на зграю правы:
Вынішчыць смердзь!
Правы старажытнага Роду замоўчваюць
І называюць законы прырордныя воўчымі.

Зведайце кару!
                Адплату звярыну, жорсткую,
Кару свяшчэнную — покліч кіпучы крыві!
За справядлівасць зямлі і за Праўду
Надзорную
Выйшаў на бітву, на смертную сечу любві
Выбег праворна я!
  Зрок —
высачыш ты мне, дзе ў лежбішчы схованы вораг!
Слых! —
ад небяспекі раптоўнай атаку адвагі прыкрый!
Нюх! —
мой павадыр.
          Выбухне злосць і расправаю скорай
Зубы-кінжалы задушаць спалоханы крык!
                Жудасць, як джала —
Вырве чужынскую набрыдзь з радзімай зямлі:
       Ноч… 
            Жах, прэч!   
                Прэч, страх!
            Бег…………………… След!
  Зрок!...............
  ………Слых!
                …………………Нюх!
                ……………….Крок!
                ……….Скок!
              …………………………Крык!
………Зноў!
               ……………..Кроў!
Водар крыві задурманіў маю галаву.
Воўчая помста дакуль па-сабачы жывуць!
Будзе так адвеку, людзі!
Веру зверу! І вы – верце:
Сабакам сабачай смерці!
                (19. 01. 2000 г., Хрышчэнне)