Дарожныя мроi

Сержук Сыс
Вярнуся і я дадому
Калісьці з вандоўкі дальняй,
Халацік, такі знаёмы,
Сустрэне мяне ў вітальні.
Каленкі мільгнуць ласкава, -
Не будзе больш рэвалюцый!
Сагрэюцца вусны кавай,
А рукі вузлом сплятуцца.
З табой на падушцы – крута!
Кручуся ўюном, юлою
Мне cёння нават цыкута –
Будзе вадой святою.
І наша цікаўная котка
Не стоміцца з нас дзівіцца:
Праводзіла ў шлях малодка, 
А сустракае царыца…
Вярнуся і я дадому
Калісьці з вандоўкі дальняй,
Халацік, такі знаёмы,
Сустрэне мяне ў вітальні.

Рыга, 15 сакавіка 2016.