Прыходзiць чорны кот

Сержук Сыс
                Рудзісу
Пасля апоўначы з двара сыходзяць дрэвы,
Прыходзіць чорны кот з брыльянтамі ў вачах,
Ён не фанат юрлівых сакавіцкіх спеваў –
Тутэйшы гэта спавядальнік і манах.
Гербарый леташняй травы ледзь-ледзь дурманіць,
Траскуча шамацяць над брамаю плюшчы…
Сядзім з катом удвух, вярэдзім ціха памяць,
І хораша, шчымліва так робіцца ўначы.
Кот плёў гісторыі, мурлыкаў мне пра здані,
Якіх багата тут, у сховішчах муроў…
Вось дрэвы да двара вярнуліся пад ранне,
– Мой чорны кот-манах, пакуль!
                І будзь здароў!

Венспілс, 14 сакавіка 2016.