Рэканструкцыя

Сержук Сыс
Пэўна, пачну рэканструкцыю памяці з дроў,
З маці, якая іх ранкам прыносіць у хату.
Вось ужо, глянь, як у печцы шалёна зароў
Вогненны звер і мацней пахне сушанай мятай.

Круцяцца побач рудыя заўсёды каты.
Я дамалёўваю з бульбай прарослаю кошык,
Водбліскі полымя, што гоняць цемру ў куты,
Потым дадам цішыні, гэткай простай раскошы.

Глянеш нібыта ў якім запаволеным сне,
Як павучок апускаецца ціха са столі.
Дрэмлюць спакойна выявы святых на сцяне
Мне падаецца, іх стала на некалькі болей.

Кнігі маленства, а побач – мой фотапартрэт
Тут я яшчэ найвышэйшага хлопец гатунку…
Мусіць усё, аднавіў неіснуючы свет,
Ды не знайшоў больш сябе я на гэтым малюнку.

Вентспілс, 12 сакавіка 2016 г.