Зона мутацыi

Сержук Сыс
Аўтобус спыняе памежнік з зоркамі на плячах і рацыяй:
Attention! Памежны кантроль! Падрыхтуйце свае пашпарты.
Чаму і навошта вяртаюся я ў Беларусь, зноўку ў зону мутацыі,
Няспыннай кастрацыі мозгу ўжо дваццаць і хутка яшчэ два гады.

А што гэта ў Вас?
             – Супрацьгаз.
                – Не паложана!
                – Як жа быць з вірусам?
Мне кажуць, што тут лукашызм “косіць” нават здаровых людзей.
– Падкопы Абамы, лухта, прапаганда, ды ты ж беларус і сам,
Павінен жа ведаць, што ў нас тут стабільнасць, і жыць весялей.

Праехалі ў зону, за вокнамі – вечная бітва аграрыяў:
На снезе - ячмень і надрыўна ў балоце равуць трактары. 
Смакуюць “вінцо” пад кавярняй дарожнай мясцовыя парыі,
Бязвокі Ільліч маша кепкай кудысці ў бок “светлай зары”.

На “Опелі” гома савецікус гоніць, на шкле – профіль Сталіна,
Сталіца наперадзе – горад, дзе я нейкім чынам жыву,
Дзе столькі маіх спадзяванняў на шчасце
                раструшчана, спалена…
Я ў зоне мутацыі!  Скотчам абмотваю ўміг галаву.

Венстпілс, 9 сакавіка 2016 г.

На фота - работа Маціса Фрэйманіса (Латвія)