Пятая цемра

Сержук Сыс
пятая цемра з даху ільдзінай упадзе на цела
што, як вужака - клубком, разляглося ў прасцінах
цела маё барыкады са сну збудаваць не паспела
вось і ляжыць яно зараз у поце халодным і слінах
што, дагулялася ўрэшце, цяпер во табе не прысніцца
бор над Дняпром, а ў бары – асцярожныя рысі
гэтыя кошкі крадуцца нібыта сапёры па хрусткай ігліцы
гэтыя кошкі нібыта царыцы, а ты проста коўдрай укрыйся
вось і ляжы, разважай пра смяротнасць, жыцця недапалак,
межы жыцця вывучаеш ты з хуткасцю незразумелай
а за вакном енк сірэны і бляск міліцэйскіх мігалак
фініш: я цэлюся трапна ў сваё неслухмянае цела