Адзiн

Сержук Сыс
Аднаму ні добра, ні пагана,
Проста аніяк, і цішыню
Не адчуць, як не адчуць нірваны,
Па начах без стомы і агню.
І штодня, сярод людское плыні,
У вірах чужых размоў і слоў,
Позіркі страляюць халастымі
Як у “малако”, паверх галоў.
Церуха жыцця сляды хавае,
І няважна зараз – з кім і дзе,
Ты грабешся, нават не па хвалях, –
Па халоднай, нежывой вадзе.
Страчаныя позіркі і словы,
Узамен жа – бессані нажы.
Ты – адзін, і вырак – канчатковы.
Цешся, як да гэтага дажыў.

Вентспілс, 3 сакавіка 2016.