Што меха грошай даражэй

Юрий Игнатюк
Я дрэва пасадзіў, і быццам сын не зломак,
І дах над галавой нарэшце не цячэ,
А ўсё здаецца, што я зноў стаю над стромай
Пачатку дзён, і ўсё наперадзе яшчэ.
І будзе сын, які мяне зваць будзе дзедам,
І дрэва радаводу гадаваць пачну,
І ўстане дом, куды на схіле дзён прыеду,
Дзе, зрэшты, назаўжды калісьці я засну.

Мне крыўдаваць на лёс зусім не выпадае –
Ён даў мне ўсё, што толькі здолеў я ўхапіць.
А ўсё астатняе няхай сабе чакае,
Пакуль я вырашу, што лепей – жыць ці быць.
Я не баюся больш раптоўнага сыходу –
Мне загадзя вядомы сэнс апошніх слоў.
Ні райскіх шатаў, ні пякельнага смуроду
Мне не адчуць, пакуль вяртаюся дамоў.

Пакуль дзядоў сваіх у люстры вочы бачу,
А ў сынавых вачах – маіх здзясненне мар,
Я прагі да жыццёвых дробязяў не страчу –
Нават у час, калі зірне сусвет у твар.
Я не сарваў пакуль што плод пазнання з дрэва,
Але ж вучусь і ўжо хаджу не ў першы клас.
Не ведаю – ці добра я жыву, ці дрэнна,
Але ж упэўнены – не марна баўлю час,

Бо сцежкай, што калісьці мною пратаптана,
Да мэты рухацца камусьці ўсё ж ямчэй,
А для таго, хто толькі што сустрэў світанак,
Мой сціплы вопыт меха грошай даражэй.

5.04.2011