Чым менш - тым больш

Юрий Игнатюк
Чым болей год у далеч адляцела –
Тым менш жадання пачынаць палёт.
Чым меней тых, з кім быў душой і целам –
Тым больш сумневу ў сэрцы і згрызот.
Чаго грашыць – падобныя матывы
Свет белы чуе ўжо не ўпершыню.
Не надта ў іх мы знойдзем крэатыву,
Жыцця ў іх не адчуем вастрыню.

Чым менш зважаеш на абсяг эпохаў –
Тым больш імгнення крохкага цана.
Чым болей хлеба твой штодзённы бохан –
Тым меней вартасць моцнага віна.
Я – сябар парадоксаў адмысловых,
Але ж не геній – вось вам парадокс.
Я – цяжкі вынік думак памылковых,
А вопыт – безклапотны мой яздок.

Чым больш імкнення да спакою цела –
Тым меней адпачынку для душы.
Чым менш на дрэвах яблык недаспелых –
Тым болей з’яў, што вартыя імшы.
Дзеля якіх прывідных намаганняў
Мой розум моліць у нябёсаў сіл?
Навошта дбаць пря шлях, калі вяртання
Не будзе ўжо, прасі ці не прасі?

Чым меней сонца восеньскай парою –
Тым болей часу для апошніх сноў.
Чым больш пачуццяў, схопленных імжою –
Тым менш халодных згадак пра любоў.
Я разумею: вартасць заляцанняў
Да Пані Ў Белым роўныя нулю.
Яна сама прызначыць час спаткання,
А я жыццём пакуль што парулю.

20.07.2009