Яскравы... лiстапад

Летнее Утро
Лістапад — гэта не толькі апошні восеньскі месяц  і  з’ява прыроды, але і назва традыцыйнай справаздачнай вечарыны-канцэрта Пухавіцкага раённага аўтарскага аб’яднання “Наедине со всеми”.  Наш “Лістапад” адбыўся ў мінулую суботу ў раённым цэнтры культуры.

Нягледзячы на тое, што праграма была досыць традыцыйная: выступалі добра знаёмыя  пухаўчанам паэты Людміла Каладзінская, Святлана Рыжкова, Марыя Скапенка, Наталля Зубарава, Анна Морава, Ангеліна Дабравольская, Уладзімір Рунцэвіч, Іван Яшманскі, Мікалай Марын, Аляксандр Чарвінскі, Яўген Фіцнер,  а таксама бард Уладзімір Каламеец, у ёй было і некалькі нечаканых момантаў.

Па-першае, гэта выступленні самых старэйшых сяброў аб’яднання — Міхаіла Дзмітрыевіча Пацыёры, якому праз месяц споўніцца 90 гадоў, і Сафіі Аляксандраўны Меляшкевіч, якая нядаўна адсвяткавала свой 80-гадовы юбілей. Нашы шаноўныя юбіляры знаходзяцца ў добрай творчай форме і парадавалі гледачоў і калег сваімі поўнымі жыццёвай мудрасці вершамі.

Другім прыемным сюрпрызам было выступленне самых маладых удзельнікаў — вучняў УА “ВПК Ананіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” і іх творчага кіраўніка, дырэктара Ананіцкага сельскага клуба Людмілы Рыгораўны Варонінай, з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Прысвячэнне Беларусі” (дарэчы, створанай на вершы Людмілы Рыгораўны).

Адкрыццём вечарыны стала дэбютнае выступленне новага творчага калектыву ў складзе нашага земляка, паэта і музыканта Эдуарда Білейчыка і двух абаяльных спявачак, членаў абласнога народнага клуба паэтаў і музыкантаў “Жывіца”  — Зінаіды Паўлючковай і Марыі Лябедзька, пад творчым кіраўніцтвам дацэнта БДПУ імя Максіма Танка, кіраўніка народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Спадчына” Віктара Мікалаевіча Кунцэвіча.

Вяла вечарыну (і, як заўсёды, добра спявала і танчыла) Спадарыня Восень — яна ж кіраўнік раённага аўтарскага аб’яднання “Наедине со всеми” — Алена Радкевіч. 
Наперадзе — Новый год  і новыя творчыя планы. Няхай яны збудуцца.

Ангеліна МІРОНЫЧАВА.