Вачыма сына

Юрий Игнатюк
Я зусім нядаўна ў свет прыйшоў,
Невядома мне пакуль каханне,
Але ўсё ж паспеў спазнаць любоў –
Тую, што мне свеціць на змярканні.
Мама і тата! Я вамі багаты.
Найлепшы мой скарб – ваша любоў.
Тата і мама! Вы – храм мой і крама.
Галоўны мой шлях – дарога дамоў.

Я шаную ўсіх сваіх сяброў.
Разам з імі бавіць час прыемна.
Толькі больш за ўсё хвалюе кроў
Кожны позірк ваш і ўздых таемны.
Мама і тата! Вы зведалі страты.
Каму, як не мне, раны гаіць.
Тата і мама – надзейная брама.
Нікому яе знарок не адкрыць.

Я хачу, каб вечна над зямлёй
Вашае святло паўсюль лунала,
Каб перад апошняй цішынёй
Боль і страх мой розум не краналі.
Мама і тата! Па свеце стракатым
Так лёгка наўсцяж з вамі ісці.
Тата і мама! Амаль што рэклама:
Вы – двое ў адным… Адзіным жыцці.

9.01.2008