Лячу на святло

Юрий Игнатюк
Я закрываю вочы,
Каб зноў цябе знайсці...
Зноў цемра мне сурочыць –
Ляці, душа, ляці.
Ды штосьці неахвотна
Імкнуся я ў палёт –
І верыцца дрымотна,
І ледзь дыміцца кнот.
А дзесьці там, у прыцемках свядомасці,
Знаёмай постаццю, нябачаным святлом,
Маёю стратай і чужой маёмасцю
Знікаеш ты за ледь прыкметным шклом.

Я закрываю вочы,
Каб зазірнуць у свет,
А нехта ўпарта сочыць,
Дзе я пакінуў след.
Дзівак! Ці варта бразгаць
Няйснуючым замком,
Біць па адкрытай браме
Самлелым кулаком?
А дзесьці там, на віртуальных ростанях,
На даху дзён і ў бездані начэй,
Твой ціхі позірк у заўсёдным роздуме
Чакае зацікаўленых вачэй.

Я закрываю вочы,
Каб свой убачыць лёс,
Ды хтосьці побач крочыць
І штось бурчыць пад нос.
Мой цень, мая планіда,
Ну што ты робіш тут?
Пакуль вастру я дзіду –
Няпэўны твой статут.
А дзесьці там, за недасяжнай рысаю,
За тоўшчай покуль не пражытых год,
Твайго жыцця святло гарыць празрыстае,
І я лячу заўсёды на яго.

6.10.2006