Ты не клiч - я прыду

Юрий Игнатюк
Ты не кліч мяне ў госці –
Я прыду, як змагу.
Да грудка на пагосце,
Будзе час, забягу.
Не трымай мяне доўга –
Справы клічуць у шлях.
Мне з табою размовы
Можна весці і ў снах.

Не чакай у нябёсах
Свой здабытак зямны.
Хай яго сваім лёсам
Спасцігаюць сыны.
Не спрабуй разлічыцца
Па рахунках былых –
Крэдыторам змірыцца
З гэтым прыйдзецца ўслых.

Ты пакліч мяне ў госці –
Я сумую адзін.
Часам тут для кагосьці –
Я не бацька, не сын.
Пратрымай – хоць нядоўга,
Каб я мог зразумець –
Перамогі бяскроўнай
На зямлі не займець.

Пачакай у нябёсах
(Выдаў час свой працэнт) –
Покуль мой зямны посах
Не рассыплецца ўшчэнт.
Паспрабуй разлічыцца
(Хоць разлік тут не ў лік) –
Час ня йдзе, ён імчыцца,
Смех мяняе на крык.

20.01.2005