Хлопча мой

Юрий Игнатюк
Несканчоныя “чаму”.
Нечаканыя высновы.
І не пазычаць яму
Ні цікаўнасці, ні словаў.
Хлопча мой, табе карціць
Атрымаць на ўсё адказы.
Толькі як іх прымяніць –
Зразумееш не адразу.
А пакуль імчыць у неба самалёцік папяровы,
І хапае ўсім кватэр у новых цацачных дамах,
А каб свет стварыць, то досыць і алоўкаў каляровых...
На зямлі стаіць упэўнена паветраны твой гмах.

Непрызнаныя табу.
Незлічоныя жаданні.
За абсяг свой барацьбу
Ён вядзе самааддана.
Хлопча мой, ты хочаш стаць
Як мага хутчэй дарослым.
А пакуль кладзіся спаць –
Нам няма чаго зайздросціць.
Хай начную тоўшчу хмараў расхінаюць хмарачосы,
А на сонечныя плямы яркіх фарб кладзецца слой,
Бо яшчэ не час цікавіцца сваім уласным лёсам,
Ды затое ведаць хочацца, што здарыцца з Зямлёй.

Непрыкметная сляза.
Непрытоеная ўсмешка.
Да крутых шляхоў – азарт,
А пакуль – прамая сцежка.
Хлопча мой, прабач, што я
На жыццё цябе старэйшы.
Думкай ты ў чужых краях,
Я ўсё больш і больш – тутэйшы.
Дзесьці ў небе ўсё лунае самалёцік папяровы,
І святло жыцця не гасне ў вокнах цацачных дамоў.
А за ўсё за гэта ты не прагнеш грамат ганаровых –
Дастаткова толькі ведаць – заўтра сонца ўзыдзе зноў. 

08.07.2004