Вербачка над рэчанькай...

Людмила Воронова Супрун
(Як боль і памяць аб Чарнобыльскай бядзе)
тэкст песні

Вербачка над рэчанькай плача пад дажджом,
Засланіла непагадзь белы свет плашчом...
Слёзы льюцца горкія, капаюць у плынь -
Сум павіс над Прыпяццю і ракой Гарынь.

Сонейка жалобнае свеціць тут даўно,
Спяць крыжы Чарнобыля красавіцкім сном,
Зорачкі-ліхтарыкі з болем у вачах -
Твары ў небе, тварыкі - незгасальны жах…

Дзе ж ты вецер-вольніца? Прылятай хутчэй!
Высушы слязіначкі з прыпяцкіх вачэй,
Запалі надзеі свет, хмары прагані,
Каб не ведаў край мой бед, зелянеў  у руні...

Песеньку жалобную людзям праспявай,
Каб Чарнобыль помнілі - красавік той, май,
Каб не замуроўвалі глебу ў бетон
Дзе яе, знямоглае, раздаецца стогн…

Дзе сабакі дзікія выюць, як ваўкі,
Могілкі замшэлыя ва ўсе бакі...
Дай нам, Божа, розуму не хаваць сябе,
Быць заўжды цвярозымі ў жыцця сяўбе…
Мінск. 04.06.2015г.

Фото интернет.