МОЙ ЛЮБЫ ДЗЕД...

Екатерина Ровдо
Мой любы дзед, мой слаўны ветэран,

Пра службу мовіць быў ты не ахвочы.

А колькі ў сэрцы незагойных ран

Мне расказаць змаглі хіба што вочы.


Я зазірнула ў гэту глыбіню:

Там горкіх слез невыплаканых мора,

Там рэкі болю, жалю і агню

І дзікі крык, і ,безумоўна, гора.


Ты сціплым быў,медалі не насіў,

Ты наш герой, табою ганаруся!

Дяцей, унукаў, родны край любіў,

Дастойны сын матулі-Беларусі.


Разумны працавіты чалавек…

Балюча, родны, што цябе не стала.

Прайшоў вайну, пражыў амаль што век.

А я цябе так рэдка абдымала…


Я прычакаю новую вясну

І, як заўжды, прыйду да абеліска,

Каб не забыць пра страшную вайну,

Што так далека і адначасова блізка.


Каб разам з землякамі памаўчаць

І памяці герояў пакланіцца.

Каб нам такога ж пекла не спазнаць.

Аб гэтым буду ціха я маліцца.