Мелодыя сусвету

Людмила Воронова Супрун
Між берагоў мурожных рэк
Нясе нас плынь на хвалях часу.
Па-свойму кожны чалавек
Гучыць у стылях фолку,  джазу…

На струнах восеньскіх даждоў
Вятры іграюць нашы песні.
Чуваць мелодыі без слоў
Зімой, увосень, напрадвесні...

Вісіць над возерам блакіт,
Пагляд запальвае вясёлка,
А на падпеўках у ракіт
Птушыны хор гайдае пчолка.

Звініць сімфоніяй Сусвет,
Лясы адгукваюцца рэхам,
На пратаптанай сцежцы след -
Праходзіў мабыць хтосьці пехам...

Раўніну мройны гарызонт
Злучыў з зямлёю тонкай рыскай,
І распускае парасон
Над намі хмаркаў шэрых нізка.

Стралою далеч перабіў
Матыў жалобны Лакрымозы...
І ўсе мелодыі ён зліў
У адну, дзе разам смех і слёзы…

Сусвет - Вялікі дырыжор!
У межах рытму і размеру
Праз два лады - мажор, мінор
Нас піша ў нотах на паперу.
Мінск.08.06.2015г.
Фото интернет.