Прывiтанне

Марта Ионова
Здавалася, што не жыла...
Ніколі не кахала...
Не цалавала шчырых вуснаў...
І час ад часу быццам памірала -
хварэла быццам на цябе адсутнасць.

Я не кранала подыхам вачэй,
што ў мроях перад сном шукала.
Спынялася было ўжо сталець
і час жыцця перапыняла...

Уночы крэмзала падобнае да неўміручых вершаў,
а потым кпіла з гэтага чарговага шалёнства.
І цяжка дыхала між іншым, бо паветра
здавалася зашмат дзеля адной асобы...

Час шкадаваў мяне - працягваў руку бы старому
і клапатліва зазіраў у глыбіню і без таго чужых вачэй,
сціскаў няўдзячныя дрыготкія мае далоні,
а я, забыўшыся, крычала то грамчэй, а то цішэй.

Мне не хапала крышачку - цябе
і першага дарослага спаткання...
Жыццё перамянілася, калі
аднойчы ззаду нехта крыкнуў: "Прывітанне!"


2009