Лiхалецце

Вершы
Гэта дзень такі і час такі:
Не схавае слёзы нават смех.
На паперу сумныя радкі
Падаюць, як чорна-белы снег.

Выбухам увагу адцягнуць,
Развярнуць да смерці злосны твар,
Як старонку, лёс перагарнуць,
Кіраваць, не лічачы ахвяр –

Што яшчэ зрабіць дзеля людзей?
Розныя палацы будаваць,
Грошы запазычыць, а далей
Зацягнуўшы паясы трываць?

Кружаць над краінай хмары зла,
Выбар непазбежны: ён адзін.
Бог не бачыць новага пасла
Ў ліхалецці роспачных часiн.

28.01.2015