Мой любы Минск!

Людмила Воронова Супрун
Мой любы Мінск!

Мой любы Мінск! З прадвечнае пары
Нясеш ў сабе гісторыю стагоддзяў,
Глядзіш з узвышша Мінскае гары,
Як устае зара твая на ўсходзе.

Як ружавеюць промні ў валасах
Тваёй лагоднай, сінявокай маці,
А туманЫ ў расплеценых касах
Ткуць габелен на кроснах сенажацяў.

Як будзіць золак вуліцы ад сну
І аканіц расплюшчваюцца вочы,
Як сустракае новы дзень вясну,
Абняўшы за танюткі стан дзявочы.

Як кожны ранак хвалямі ракі
Бурляць і захлынаюцца праспекты.
Нясе па жылах кроў паток людскі
І колы адбіваюць кіламетры.

Ты з кожным годам робішся сталей,
І вочы загараюцца імпэтам.
Мы ўсе - Асоль, а ты наш мройны Грэй
Пад ветразем пунсовым ў моры свету.
Мінск. 21.01.2015г.