Санкт-Пецярбургу

Оксана Ярошенок
Прыгожы па-сучаснаму. Суровы па-паўночнаму.
Даўно напамяць ведаеш   расповеды Нявы.
Тваімі брукаванкамі  у задуменні крочу я.
Пад шэрымі каменнямі – паданні дзён сівых.

Скрозь гул машын-тралейбусаў мазурка раптам чуецца.
Адкуль яна? Няўжо адтуль? Ад царскага двара?..
Усхліпнуць хвалі цёмныя. І прыгадаюць вуліцы,
Як гучна стукаў некалі каваны бот Пятра.

Сустрэчу нашу ў памяці надоўга захавала я.
І сёння адчуваецца салёны пах Нявы.
Ты мне даруй, Санкт-Пецярбург, радкі недасканалыя,
Бо ў вершы варта ўсё ж было б назваць цябе на Вы.