***

Евгения Прокопчук
Ты маўчыш, маё сэрца? Маўчы.
Ты смуткуеш, душа? Я таксама.
Будзем разам сядзець уначы.
Каля брамы сядзець. А за браму...
А за браму не сёння. Пазней.
Хай хоць трохі адыдзе пустэча.
Каб пазбегнуць трызненняў у сне,
Я цябе правяду, сумны вечар.
Хочаш, ноч, я пабуду з табой?
Кажуць, разам не так адзінока.
Ты ж таксама хварэеш смугой.
Не катуй за растанне папрокам.
Дай жа ў вочы твае пагляджу...
Як жа, родная, ты пасівела...
Я з табой да зары пасяджу,
Памаўчым аб усім набалелым.