Вышыванка

Евгения Прокопчук
Вышываю жыццё чырвоным.
Па тканіне пустой крыжамі.
Кожны крыжык, маленькі, роўны,
Веснавымі краплю дажджамі.

Мне халодзіць іголка пальцы:
Наглыталася ў ветра сцюжы.
Нітак полымя ў дзікім танцы
На тканіне выводзіць ружы.

Уплятаю ў нямыя ўзоры
Песню велічную, на роднай.
Хай малітвай ляціць да зорак,
Хай аздобіць прастор халодны!..

Колісь вышыю ўзор жыццёвы,
І каб спеў у віры не згінуў,
На тканіне крыжоў і Мовы
Кроплю цёплай крыві пакіну.