***

Евгения Прокопчук
Раскажы пра сябе.
Толькі што расказаць?
Што цьмянею ў журбе?
Што пачуцці маўчаць?

Што смуткую даўно?
Што самлела далонь?
Што размовы віно
Млосна стукае ў скронь?

Пра сябе расказаць?
Расказаць аб усім?..
Не, прасцей прамаўчаць.
Я здзічэла зусім.

Я маўчу. Я з імжой.
Размаўляю даўно
З парыжэлым крыжом
І вільготнай сцяной...