На пачатку дарог

Владимир Короткевич
(Перевод на русский здесь: "В начале дорог" http://www.stihi.ru/2014/07/14/6403 )

Жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра,   
Як быццам спора выбіваюць такт   
Для нейкай небывала хуткай полькі.   
Ў распараныя глоткі цёмных бочак   
Плыве капуста белаю гарой.   
Яе засыплюць сольлю з чорным кмінам   
І зоркамі чырвонай смачнай морквы,   
Там-сям антонаўку для духу кінуць   
І зноўку пачынаюць дружна стукаць.   
Пачатак лістапада.
Ноч глухая   
Ляжыць за вокнамі самотнай хаты,   
І плачацца на горкую нядолю   
За мокрым шклом разьдзеты чорны сад.   
Бязьмежная пустэча за акном.   
Халодныя ад дожджыкаў вяргіні,   
Халоднае ад кропляў дажджавых   
Сумуе яблыка на голым дрэве:   
Забылі.
            А ў хаце добра, цёпла,   
Ля комінка прыжмурылася котка,   
Газьніца цьмяна сьвеціць на шынкоўні:   
Жанчыны тут сышліся "талакою"   
Дапамагчы нашаткаваць капусты,   
А каб сказаць па праўдзе, пасьпяваць,   
Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру,   
Гарэлкі выпіць пасьля працы лёгкай   
І пачасаць нязлосна языкі.   
Якая ноч!
                Як непрытульна тым,   
Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі   
Пад зімны дождж, на лужыны рабыя,   
Ад залатых агеньчыкаў прытульных...   
О, як сьпяваюць! Вуха у дзіцёнка,   
Які на зэдліку сядзіць ля печкі,   
Упершыню жалобна ловіць гукі,   
Упершыню ў жыцьці. Чатыры леты   
Прабеглі над бяляваю галоўкай,   
Якая, быццам сьпелы адуванчык,   
Качаецца пад ветрам вольных песень.   
Ён шмат чаго яшчэ не разумее:   
Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку,   
Чаму не поўна рэчанька, чаму   
Андрэеўна нажом сябе забіла,   
Калі магла яна забіць султана?   
Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае?   
Але нічога, гукі гэтых песень   
Навекі застануцца жыць у сэрцы,   
Як словы першых кніжак дарагіх.   
Ён можа ўжо чытаць; занадта рана.   
Вось кніжкі гэтыя ля тоўстых ножак:   
"Савось-распусьнік", "Пра сабаку Бума",   
"Пра пана-жываглота", "Вярнідуб",   
Старая чытанка ў пажоўклых корках   
І казкі, казкі, казкі Беларусі,   
Трапёткія, як першыя пралескі,   
Пякучыя, як гнеўная маланка,   
Загадкавыя, як агонь у лесе,   
Багатыя, як жнівень залаты.   
Калі ж ад літар адарвуцца вочы,   
Ён бачыць белазубы рот Паўліны,   
Вясёлай цёткі. Як яна жартуе!   
Дарослым будзе ён чытаць Купалу,   
І замест юнай, з'едлівай Паўлінкі   
Паўстане гэты сталы добры твар:   
Падобныя яны зь іх весялосьцю,   
Зь іх голасам, зь іх прыгажосьцю яснай,   
Зь іх шчырай беларускаю душой...   
Але хутчэй, хутчэй ізноў да кніжак,   
Бо доўга на дзяўчат глядзець не можна,   
Яны дзівачкі: ледзь спаймаюць позірк –   
Адразу падбягуць, ў ахапак возьмуць   
І пачынаюць ціскаць да грудзей.   
(О, каб дзіцяці год на дваццаць болей!   
Наўрад ці асабліва б ён цураўся!)   
А так ён тоўсты, пульхны, апэтытны,   
Яго цалуюць, ціскаюць, кусаюць,   
Сьмяюцца неяк дзіўна, чырванеюць.   
Авой! Якія моцныя абдоймы,   
Як цёпла дыхаюць тугія грудзі!   
Нядобра гэта ўсё! І асабліва   
Настырная чарнявая Анежка.   
Ну так і лезе. А ў вачох такое,   
Што сумна робіцца і неспакойна,   
Чаго цалуе? Хлапчуку здаецца,   
Што хлопец той, цыбаты і няўдалы,   
Васіль, што у кутку сядзіць маўкліва,   
Ахвотна б зь ім на мейсца памяняўся.   
Аднойчы ў прастаце сваёй душэўнай   
Ён гэта Васілю прапанаваў   
І быў зьдзіўлёны, што вакол рагочуць.   
Як добра Васілю! Яго не носяць,   
Ён можа ля дзьвярэй сядзець спакойна   
І хрумстаць белыя тугія храпкі.   
Ах, храпкі, храпкі! Ах, салодкі сок!   
Як будзе ён дарослым – неадменна   
Заўсёды будзе іх дасхочу хрумстаць,   
А так, чамусьці, многа не даюць.   
Глухая ноч сьлязіцца за акенцам.   
Газьніца. Ў печцы жоўтыя салдаты   
Страляюць гулка і заўзята лезуць   
На штурм драўлянай крэпасьці. Утульна.   
Вуркоча котка. Казкі набягаюць.   
І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песьня,   
Плыве ў душу, у сэрца хлапчука,   
І ён яе ніколі не забудзе.   
Хто будзе ён? Кім стане у жыцьці?   
Не ведаю яшчэ, бо гэты хлопчык, –
То быў я сам.
                І ветразем надзейным   
На ўсё жыцьцё мне засталася песьня.   
Дапамажы мне, песьня, ў лютых хвалях,   
Ў затоцы ціхай, дзе вада цьвіце,   
Нясі мяне у мора. Я чакаю.


(Перевод на русский здесь: "В начале дорог" http://www.stihi.ru/2014/07/14/6403 )