Мини-стихи на белорусском

Микола Трофимчук
***

Так мала шчаслівых,
Здаровых так мала…
Адкуль гэта ліха?
Ні даць і ні ўзяць…
Здаровае сэрца
                яшчэ не кахала,
А хворае…
                Дзе там!
Не можа кахаць.


НЕПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ

Што значаць твае словы
“я – твая”?
Калі ты нічыя…
Бо я – не я…
Я сам не свой,
Таму й не твой!
І ты ніяк не можаш быць маёй.


***

Я сплю…
Ты спіш…
Пад цяжарам павек
Блакіту нашых воч
Не падуладны словы…
Калі мы пакахаем –
                знікне гэты свет,
Пачне ў пакутах нараджацца новы.


***
О, гэты свет не проста тленны –
Нічым імгнення не стрымаць!..
Усё так хрустка, так імгненна:
Была іскрынка – і няма!..


***

Не пераплыць мне возера Любові!
Вунь да той выспы можа й даплыву…
А там, можа, Цыклоп напагатове
Альбо русалкі ўскружаць галаву…

Да выспы запаветнай, дзе Каханне
як толькі адпачынак, як прычал,
як толькі перадышка, як адхланне…
І я плыву… Бо некалі пачаў…