Из книги Здесь и там по-белорусски Тут и там. 2014

Микола Трофимчук
***

Рэальны я і віртуальны,
І тут, і там я існую.
Перамагаю трыумфальна,
Паразу горкую цярплю…

Я ёсць пакуль тут, вечна буду;
Я там, дзе лета, дзе зіма,
Дзе і заўсёды, і… усюды
Мой дух бунтуе нездарма.


***

Няма ў Сусвеце смерці… Як інакш!..
І трэба ж так назваць Душы ўзнясенне!
І нам даецца тут за знакам знак,
І пацвярджаюць зоркі ўсё мігценнем…

Канец зямнога шляху ёсць у нас.
Скідае прах душа перад узлётам…
Чакае нас нябесная работа –
Святая, неспатольная яна.


***

Хлопцы, хлопцы,
Колькі гэтай справы –
Вырасці, акрэпнуць, пасталець!
І душой, як зорачкай яскравай,
Вечна на зямлёй пасля гарэць!..

Ды таўкуць, грызуць пачвары сэрца:
Зайздрасць, крыўда, хцівасць і мана,
Што няма куды ад іх падзецца –
Толькі хіба лютая вайна…

Дык і што?
Хіба ж “хавацца ў бульбу”?
Так, вайна, свяшчэнная вайна!
Ты ж – мацак!..
І нават калі з кульбай –
Хай трапеча д’ябал-сатана!


***

Крыві патокі ў дзікай кругаверці
І рэкі слёз – знямей ці галасі…
Усё ад злога!.. Будзьма жа, як дзеці,
Наіўнымі і шчырымі ва ўсім!

Адорыць Бог здароўем і гадамі,
Нашчадкамі (наперад сто кален…),
Удачамі ў жыцці… А хто не з намі,
Не з Госпадам – вякамі цемра й тлен.


***

Вунь выпівоха кісла пазяхае
І трэ рэбры!..
Жыццё, ён ведае,
Не ягадка якая,
Жыццё – зебра!

Мільгаюць чорна-белыя палосы,
Трасе, млосна…
Душа то ў сутарэннях,
То ў нябёсах…
А жыць…
Позна!


ТОСТ

Сябры, хай гэта будзе паміж намі –
Не выдаю ўсе звычкі я свае!..
Тры чаркі выпіваю я з сябрамі.
Чацвёртую ўжо з д’яблам кожны п’е…

П’ю першую за тое, каб здароўе
Заўжды яднала ў гэтым свеце нас;
За дружбу, што мужчын яднае кроўна
Заўжды і ўсюды па смяротны час!

Другую п’ю за ўсіх жанчын, хто з намі
Хоць чарачку калісьці прыгубіў.
І трэцюю, апошнюю, п’ю з вамі
За тое, каб вас Бог, як я, любіў!


ІСЦІНА

Ісціна – рэч відавочная!
Гэта гармонія, лад…
Светлая далеч – не змрочная, --
Яркі ўначы зарапад…
Ісціна – рэч відавочная,
Хоць, як душа, не відна…
Выкінь з душы ўсё пабочнае,
Што застанецца – яна!


ІЗНОЎ ПРА ІСЦІНУ

Ці радасць, ці крыўдлівая нягода –
Будзь страманы ў пачуццях удвая.
Ніхто не можа ісцінай валодаць,
Таму яна… у кожнага свая.

Таму па свайму нораву і лёсу
З нас мае кожны ісціну сваю…
У ісціны высокія нябёсы –
Сакрэты асцярожна выдаюць.


ЖЫЦЦЁ

Так, абавязкі – гэта путы…
Падумаць толькі, столькі й бед!..
Жыццё – хімера і пакуты,
Калі жыць толькі для сябе.


ЗАКОН

Караюць каралёў… Караюць каралі…
І гэтак – з пакалення ў пакаленне…
Закон – намеснік Бога на Зямлі!
Закон – гэта і ёсць наша сумленне!


ПЫТАННЕ І АДКАЗ

-- Дык чаму брыда пануе,
Чым мярзотней – тым даўжэй?..
-- Што ад Бога – не шануем,
Што ад д’ябла – беражэм!


***

Ёсць на свеце розныя няўроды:
Ёсць што плёну не дае і кроў…
Смешна называць сябе народам,
Мову забываючы дзядоў.

Але дух бунтуе зноўку й зноўку…
Дзякуй Богу, што хоць ён такі!
А з крывёю перадазіроўка
Выйшла ў беларусаў… За грахі!

Вось і не ўрадзіла наша ніва!
І каторы раз – усё няўрод!..
Хто з кароткай памяццю – шчаслівы.
Бо хто з даўняй – спраў неўправарот!



СУСВЕТ

Я,
ты,
усе мы –
пыл,
павер мне,
у куце,
дзе вісіць павук...
Сусвет –
вялікая майстэрня
Магістра велічных навук.
Усё суладна тут,
дыхтоўна,
да месца
і да часу ўсё.
Нішто не дзеецца
раптоўна.
Ну хоць, да прыкладу,
жыццё...
Вагу ўсё мае,
прызначэнне:
быццё
і, нават, небыццё,
любыя
пыл,
квазар,
свячэнне,
як і любое адкрыццё.
Усё Магістру люба-міла,
патрэбна,
каб і надалей
усё круцілася,
свяціла...
у першароднай той імгле.



***

Каляровыя сны…
То душа па Сусвеце гуляе,
Па бясконцым і вечным Сусвеце
Гуляе душа.
Толькі ў цемры начной
Цела важкае цяжка ўздыхае –
То бязглуздыя часткі яго
Без душы… у пакутах грашаць.
А душа…
А душы добра, лёгка,
бязважка, крылата.
Пралятае за ноч
Яна ўсе светавыя гады…
Каляровыя сны…
Напамін нам пра Боскія шаты,
Каб душа не губляла
Ніколі дарогу туды.


***

Ведае душа, што ёсць радзіма
Недзе ў небе звонкім у яе,
Што яна – няздзейсненае дзіва,
На зямлі якога нестае.
І таму стараецца, стварае;
І таму пакутуе, баліць;
На жарсцях гарыць і не згарае...
Што яшчэ ёй трэба на зямлі?!


РАЗВІТАННЕ З БАХУСАМ

Бывай, мой “дружа”!
Век людскі кароткі...
Знаёмыя даўно мы.
За рублі
Я і мае сябры ўсе аднагодкі
Падлеткамі шчэ самагон пілі...
І сам я ўпершыню
Так насцябаўся
(Гадоў дванаццаць мне тады было),
Што проста гадам поўз,
А не хістаўся,
І матам крыў усё сваё сяло...
Саракагодні стаж,
Як бачыш, маю.
Табе што, мала?
“Хопіць!” сам скажы.
Да прыстані цвярозай
Падплываю,
Хачу яшчэ да старасці дажыць.
Прабач, калі, як косць,
Мая цвярозасць...
Даволі! Хопіць!
Наш ірву саюз!
Якое шчасце, што апошні розум
Прапіў яшчэ не кожны беларус!
Мінорны лад
Змяняецца мажорным...
І я кажу пад развітальны блюз:
Цвярозым стане –
Значыць, і свабодным
Заўсёды будзе кожны беларус.




ТУТ І ТАМ

Светлай памяці Алеся Пісьмянкова.

Здаўна ўжо гэта заўважаю
Ў бязладнай кругаверці,
Што самі мы сябе пужаем
Самым страшнейшым – смерцю.
А сонца грэе... Краявіды
Смарагдава-крыштальныя...
А можа гэта мы – прывіды,
А там усё – рэальнае?..


ПАЛЫННЫ ВЕРШ
Сябрам юнацтва прысвячаю.

Праз гэты луг прайду, не збочу
(П’яніць пах церпкі палыну!)
І буду сніць ліпнёвай ноччу
Палынна-даўнюю вясну.

За недасяжным перавалам,
Які за пылам і смугой,
Сяброў растрачана нямала,
А з імі – роднага ўсяго...

Само жыццё наканавала
Мне сніць палынную вясну.
Сяброў так мала, шчасця мала,
Затое многа... палыну.


КАРА

Каюся, каюся, каюся,
Больш за грахі не хаваюся.
Вось я -- на ўлонні грахоў!
Хіба які-небудзь Каін я,
Грэшны дзікун непрыкаяны?
Мне, як спатоля, -- раскаянне
Словамі і без слоў...
Але ёсць душы дрымучыя.
Жарсці кішаць там жывучыя...
Вось дзе раздолле грахам!
Рознымі ходзім дарогамі,
Роўныя ўсе перад Богам мы:
Той, хто з рагамі, бязрогія....
Каяцца – кара нам!


ТВАР

Свой твар
Заўсёды трэба паважаць,
Любіць радзімкі,
прышчыкі,
маршчынкі...
Ці сонца грэе,
альбо снег, імжа --
А твар няхай твой ззяе
без супынку!
Па твары можна рознае чытаць
І адчуваць, і бачыць так далёка!
І хітрасць,
і святая прастата,
І мудрасць
тут заўжды навідавоку.
Мы з тварам мусім век свой векаваць.
І не прыкрыць яго, і не з’іначыць!..
Тым больш, няма куды яго схаваць...
Усім відаць,
людскі ён ці сабачы...


РАЗМОВА З СУМЛЕННЕМ

Забі мяне, сумленне, засячы!
Хіба магчыма ад цябе ўцячы?
Схаваюся...
А ты ўжо – тут як тут!
Выносіш мне нябесны свой прысуд.
Усё жыццё з табой вучуся жыць.
А так нясцерпна хочацца грашыць!..
Кручуся, як вужака, на агні,
Няздольны шанаваць і бараніць,
Тым больш любіць
І верным быць табе...
Грашу, хоць сам з грахамі
Ў барацьбе...
Ты, ведаю, паслана Небам нам,
Хоць і пакрыўдзіў Госпада Адам...
Перад Тварцом
Трымаеш ты адказ
За веруючых і бязбожных нас.
Ты – соль зямлі,
Гарантыя жыцця!
Ты – паратунак наш ад небыцця!
Усё жыццё з табой імкнуся жыць...
Хоць так нязводна...
Хочацца грашыць!



ФАНТОМ

Хто скардзіцца, што за бартом
Жыцця,
Брыдзе скрозь зацень церній?..
Жыцця няма...
А ёсць фантом
Бязмерны,
Хіжы,
Ненажэрны!
Не пніся, дружа!
Сілы ўсе
Патраць ты лепш на ўсведамленне,
Што ўсё сплывае пакрысе...
А Дух –
рэальны і нятленны!
Ілюзіён: вясна, зіма...
Дух крышыць камень,
Лёд і сцены!
А раз няма жыцця – няма
І смерці!
Так, прывід нікчэмны...


ЦЯЖКІЯ ЧАСІНЫ ДЛЯ ПАЭТАЎ

Ул. Сітуху

Кожную прыкмету канца свету
Пільна, засяроджана лаўлю...
Цяжкія часіны для паэтаў
Зноў Гасподзь вяртае на Зямлю.
Вельмі яму дрэнна, чалавеку!
А на струны чуйныя душы
Стомлены анёл зляцеў аднекуль –
Ціхенька звіняць яны... Пішы!
Хай у будане, хай у катэджы
Напісаць вялікае – няўзнак...
Бо паэту, як казаў паэт жа,
Добра так і гэтак – усяляк!


ТУТ І ТАМ

Я – тут і там...
Бясспрэчна, адначасна.
Такі мой чын,
Мой лёс зямны такі.
І ўдзень і ўноч
Агмень мой непагасны
Гарыць і асвятляе ўсе бакі.

Усюды я...
І нават там, дзе змрочна.
Вось-вось і тут адродзіцца святло...
Я – непазбежны,
Значны,
Відавочны.
Я – тут і там…
Так ёсць і так было.


Я – КРЫВІЧ, Я – ЛІЦВІН…

Памяці загінулага на Еўрамайдане
Міхася Жызнеўскага.

Хахол -- мой родны брат, --
Маскаль – мой брат стрыечны –
І лях – стрыечны брат –
І сябар мой жмудзін…
Мне лёс наканаваў
Жыць з імі поруч вечна
І ў шчасці, і ў бядзе…
Я – крывіч, я – ліцвін!

Адным я – балтарус
І беларус – астатнім…
Але я берагу
Свой светлы радавод
І ўсё раблю,
Каб не лічылі статкам
Суседзі і браты
Славуты мой народ.


НУЛІ

…Людзьмі звацца…
                Янка Купала

Нулі распладзілі нулі
І думаюць,
                што каралі.
Жывуць
                тройкі,
                двойкі,
                адзінкі
І іхнія палавінкі…

Чацвёркі,
                пяцёркі,
                шасцёркі…
У кожнага свае норкі.

Цяпер уявіце, што будзе,
Калі лічбы выб’юцца ў людзі…


***

Якое быдла чалавек,
Якому трэба чарка-шкварка!
Яму здаецца, што жыве,
А ён, як… попел ад цыгаркі.

Крый Божа, волю быдлу даць –
Патраў чакайце ды нягодаў…
Людзьмі спачатку трэба стаць,
Каб потым біцца за Свабоду.


Я НЕ ТАКІ…

Вунь запрадаўца і хлус,
Служка нястач і пакут!..
Я не такі беларус –
Я нецярплівы да пут.

Я нецярплівы да зла,
Страхаў, падманаў, гарот...
Нораў мне вольны дала
Маці-зямля. Не народ!

Калі народ, быццам крот
Толькі і рые зямлю,
Ганю такі я народ –
Мала сказаць “не люблю”.

Ганю і тых, хто яго
Хваліць замест каб сварыць.
Грэшна не бачыць грахоў
З самай раскошнай нары!

Грэх набліжаць землетрус!
Хоць ён расплата за грэх...
Я не такі беларус –
Хам, бедакур, пустабрэх...

Я разбураю нару!
Я палюбіў скразнякі!
Я не такі беларус.
Крыўдна... Але не такі!


ЯК ДОЎГА?..

Край Еўфрасінні Полацкай,
Міндоўга,
Скарыны, Багдановіча зямля,
На мове метраполіі як доўга,
Як раб, народ твой будзе
размаўляць?

На свеце ўжо няма такой пароды,
Няма народа, здольнага цярпець
Прымус і здзек ад іншага народа,
Пакорліва маўчаць,
канаць-гібець…

Таму й дакор, народ, табе суровы
Шлюць прашчуры й нашчадкі
праз гады…
І толькі твая песенная мова
Цябе на крылах вынясе з бяды!