Белыя бярозы

Леонид Пранчак
БЕЛЫЯ  БЯРОЗЫ 

Плакалі матулі над сынамі,
Што ў баях няроўных паляглі.
У палях, парослых палынамі,
Белыя бярозы узышлі.

Плакалі дзяўчаты па каханых,
Што з вайны дадому не прыйшлі.
У палях, вясною не ўзараных,
Белыя бярозы узышлі.

Плыў над імі вырай жураўліны,
Чорныя ваенныя дымы...
Не дажджы паілі іх , — жанчыны
Палівалі горкімі слязьмі.

Боль вайны не ўляжацца з гадамі.
Ты забыць яго не нараві,
Бо шумяць трывожна пад вятрамі
Тых бяроз самотныя гаі.

Там гняздо не ладзіць сівы бусел.
Цішыню не будзіць звонкі птах.
Белыя бярозы Беларусі —
Памяць аб загінуўшых сынах.