ПраЯвiцца

Анатоль Кудласевич
ПраЯвіцца
ЧАЛАВЕК ПАВІНЕН ПРАЯВІЦЦА. Чалавек?.. Павінен?..
Праявіцца?..
ЧАЛАвек — як век чала: стагоддзе думаць... І доўжыцца
жыццё ягоны век, і ён павінен... Каму? За што? І за грахі якія вінаватасць і правіннасць?
Павінен, вінаваты, вінен ён камусьці...
                Што?
Віна на ім...
Ды перад кім?
І ўсё ж, павінен ён перад сабою...
Павінен праЯвіцца!
Калі і як? У чым ягоная правіна і прычына, па якой...
Па-першае, напэўна — праясніцца? (Так будзе лепей
зразумела.) Як неба пасля хмарнай навальніцы, як глыб вачэй,
слязьмі амытых, нібы вада чысцюткае крыніцы... ПраЯсніцца!
Дзе сніцца "Я" і Сутнасць чалавеку... Пасля таго ўжо, як
штосьці выясніцца ў ім — мажлівасць будзе і з’явіцца, ды не з
нічога аблічча свету паказаць, а ВІЦЦА з "Я" наверх, як дым
віецца ў неба ад агню. І ён праявіцца тады...
Гады ляцяць, як цягнікі, як жалуды дадолу цопаюць
гады... А ён павінен параЯвіцца — і не вяроўкі з ветру віць —
круціцца, як ФА-СОЛЬ-ЛЯ па спіралі да верхняй ноты "ДО",
што раз у раз за кожным кругам падцягвацца да сонца, да
святла, каб існаваць і быць...
Адбыцца і не знікнуць у бясконцым назаўсёды...
чалаВЕК паВІНЕН праЯВІЦЦА!
Явіцца вінен век...
І прарастаць! Нібыта парастак праз глебу прарастае —
вось так і ён: праз праматэрыю з "Я" віцца і не растаць, як
ранішні туман, не знікнуць знічкай на небасхіле вечнасці:
нясці святло і не схіліцца, калі і выбліснуць — дык толькі
бліскавіцай, маланкай раскалоць зямлю напалавіну, каб
скавытала цемра па вуглох: "А каб ты здох!"
Каб потым доўга-доўга па далінах насіўся рэхам гром.
         (з кнігі “Зорныя ноты”)