Нахабная думка

Оксана Ярошенок
Нібыта ў студэнцтве, да болю далёкім,
На плошчы ізноў акрыяе душа.
Сняжынкі Сымона  засыпалі злёгку,
І срэбрам блішчыць барада Талаша.

Задумлівы класік глядзіць на сталіцу
З такой недасяжнай сваёй вышыні.
Ён бачыць, напэўна, як снег мітусіцца
І холадам ззяюць неона агні.

Ці пішуцца вершы пад грукат трамваяў?
Ці сумна на плошчы у лютаўскі час?
Я Коласа ў думках, канешне, спытаю
І ў голасе ветру пачую адказ.

Любімая плошча пад сонцам іскрыцца,
І раптам нахабная думка міргне:
Задумлівы класік глядзіць на сталіцу
І, можа так стацца, заўважыць… мяне.